Жыццяпіс свяціцеля Кіпрыяна, мітрапаліта Кіеўскага і Літоўскага

Свяціцель Кіпрыян, мітрапаліт Кіеўскі і Літоўскі, быў родам серб альбо баўгарын. Ён нарадзіўся, магчыма, у баўгарскім горадзе Тырнаве ў 30-я гады XIV ст. і, як мяркуюць сучасныя даследчыкі, паходзіў са знакамітага роду Цамблакаў, што даў Беларусі мітрапаліта (1414 -1419 гг.) і духоўнага пісьменніка Грыгорыя. Святы Кіпрыян даводзіўся пляменнікам свяціцелю Грыгорыю Цамблаку.
Свяціцель Кіпрыян быў выхаваны і адукаваны ў лепшых традыцыях хрысціянскай пабожнасці. Ён прыняў пострыг ад ігумена Тырнаўскага Феадосія, у паслушэнстве якому і пражыў пэўны час у манастыры. Рукапакладзены, магчыма, у Келіфараўскай абіцелі ў сан іераманаха, Кіпрыян праз пэўны час пакінуў манастыр, потым жыў у сталіцы Візантыі Канстанцінопалі — духоўнай айчыне Праваслаўя, — а потым у манастыры на святой Афонскай гары.

Прыблізна ў другой палове 60-х гадоў патрыярх Канстанцінопальскі Філафей наблізіў да сябе Кіпрыяна і абраў сваім келейнікам.

У 1373 – 1374 гадах Кіпрыян прыбыў на Русь у якасці прадстаўніка патрыярха Філафея, каб прымірыць Вялікага Літоўскага і Цвярскога князёў Альгерда і Міхаіла з мітрапалітам Аляксіем. У тыя часы паміж Масковіяй і Літвой цягнулася спрэчка па пытаннях замяшчэння Кіеўскай мітраполічай кафедры. 9 сакавіка 1374 года свяціцель Кіпрыян прыняў удзел у хіратоніі епіскапа Цвярскога Яўфімія, разам з мітрапалітам Аляксіем наведаў Пераяслаўль-Залескі і вярнуўся ў межы Беларуска-Літоўскага гаспадарства. Тут ён у тым жа годзе здзейсніў перанясенне ў Канстанцінопаль часцінкаў мошчаў новамучанікаў Літоўскіх Антонія, Іаана і Яўстафія для наступнага іх праслаўлення як святых. Кіпрыян адстойваў права праваслаўных Вялікага княства Літоўскага мець свайго мітрапаліта. Канстанцінопальскі патрыярх пагадзіўся з прапановай Альгерда і паставіў на адноўленую Кіеўска-Літоўскую кафедру самога Кіпрыяна. Хіратонія адбывалася ў Канстанцінопалі 2-га снежня 1375 года з нарачэннем стаўленіка мітрапалітам Кіеўскім, Рускім і Літоўскім, пры той умове, што пасля смерці мітрапаліта Аляксія Кіпрыян узначаліць і расійскія епархіі.

Пасля пераадолення вялікіх перашкодаў, увесну 1381 года Вялікі Маскоўскі князь запрасіў на вызваленую мітраполічую кафедру свяціцеля Кіпрыяна. Такім чынам, Літоўскі мітрапаліт упершыню стаў і мітрапалітам Маскоўскім.

Плённым, але нядоўгім быў першы перыяд кіраўніцтва свяціцелем Кіпрыянам Маскоўскай мітраполіяй. На падставе ўцёкаў мітрапаліта ў Цвер падчас нашэсця хана Залатой Арды Тактамыша на Маскву ў жніўні 1382 года св. князь Дзімітрый Данскі выгнаў свяціцеля Кіпрыяна ў Літву, а на Маскоўскую кафедру ўзвёў Пімена. Але ўжо ў наступным 1383 годзе князь стаў рыхтаваць новую змену архіерэя: адхіліў Пімена і накіраваў у Канстанцінопаль па благаславенне Дзіянісія. Але ў Кіеве Дзіянісій быў арыштаваны князем Міхаілам Альгердавічам.

Такім чынам, мітрапаліт Кіпрыян разам са сваім сябрам ігуменам Афанасіем вярнуўся ў Літоўскія межы. Аднак, палітычнае становішча тут было ўжо не такім, як у тыя часы, калі ён прыязджаў сюды ў сане мітрапаліта Кіеўскага, Рускага і Літоўскага. Яшчэ за пяць гадоў да гэтага ў 1377 годзе памёр прыхільны да свяціцеля Вялікі князь Альгерд, а яго пераемнік Уладзіслаў (у праваслаўным хрышчэнні – Іакаў) Ягайла ў 1386 годзе пабраўся шлюбам з польскай каралеўнай Ядзвігай, прыняў лацінства і забавязаўся распаўсюджваць яго ў сваіх землях. Мітрапаліт Кіпрыян быў пазбаўлены даверу з боку духавенства і князёў і разам з ігуменам Афанасіем вымушаны быў пакінуць Літву і шукаць прытулку ў Візантыі.

У Канстанцінопалі свяціцель Кіпрыян пасяліўся ў знакамітым сваёй пабожнасцю Студыйскім манастыры. Там ён праводзіў дні жыцця ў богаўгоднай працы па перапісцы святых кніг. Вядома, што 27 кастрычніка 1387 года ён скончыў перапіску «Лесвіцы» Іаана Сінайскага.

На Маскоўскай Русі тым часам адбываліся падзеі, значныя і для далейшага лёсу Кіпрыяна, і для ўсёй наступнай гісторыі края. 19-га мая памёр князь Дзімітрый Іаанавіч Данскі, а ўжо ў лютым 1389 года новы Канстанцінопальскі патрыярх Антоній адхіліў пазбаўленага ўсялякай падтрымкі мітрапаліта Пімена і саборным актам аднавіў свяціцеля Кіпрыяна на кафедры мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі.

1 кастрычніка 1389 года свяціцель пакінуў візантыйскую сталіцу і прыбыў у Маскву 6 сакавіка 1390 года. Яго прыхільна сустрэў Вялікі князь Васіль Дзімітравіч, каторы стаў ягоным добрым сябрам, паплечнікам і апекуном.

Свяціцель Кіпрыян імкнуўся ўсталяваць аднадумства сярод царкоўнай іерархіі, дамагаўся незалежнасці Царквы ад зямных уладароў, ад княскай палітыкі. Адначасова ён узмацняў сувязі з Канстанцінопальскім патрыярхатам.

Мітрапаліт дбаў аб цэрквах і манастырах; па яго благаславенні будаваліся абіцелі на поўначы Расеі, распісваліся і упрыгожваліся храмы: менавіта на гэты перыяд прыпадае творчасць Феафана Грэка і святога прападобнага Андрэя Рублёва. Пры архіпастырстве мітрапаліта Кіпрыяна адбыліся рэформа царкоўных спеваў, пераход на вераснёўскі пачатак вылічэння царкоўнага года, быў уведзены ва ўжытак Ерусалімскі статут, які з цягам часу выцесніў Студыйскі.

Шмат увагі надаваў свяціцель маральным і богаслужбовым праблемам, што паўсталі ў тыя гады перад Рускай Царквою. Святы Кіпрыян сам быў узорам высокай духоўнасці і праваслаўнай пабожнасці. Ён любіў ціхае, немітуслівае жыццё, таму часта ад'язджаў ў сваё мітрапаліцкае сяло Галянішчава. Там ён пабудаваў храм у імя трох свяціцеляў: Васілія Вялікага, Грыгорыя Багаслова і Іаана Залатавуснага. Жывучы ў гэтым месцы, свяціцель Кіпрыян ставіў епіскапаў і святароў і дбайна займаўся перапіскаю і перакладам шматлікіх свяшчэнных кніг з грэцкай мовы на славянскую.

Не забываўся святы Кіпрыян наведваць і дарагі яму беларускі край. Так у 1396 годзе ён разам з князем Васіліем быў у Смаленску, а потым у Вільні сустракаўся з каралём Уладзіславам Ягайлам і Вялікім князем Вітаўтам.

У 1404 – 1405 годзе свяціцель Кіпрыян яшчэ раз наведаў заходнія тэрыторыі мітраполіі, але занядужаў і вярнуўся ў Маскву 1 студзеня 1406 года. За чатыры дні да смерці ён паспеў прадыктаваць свой духоўны тэстамант, настолькі значны для ўсёй Царквы, што пазней яго ўключылі ў склад Макар'еўскіх Чэцяў Мінеяў пад 31 жніўня. 16 верасня 1406 года свяціцель Кіпрыян адышоў да Госпада ў падмаскоўным сяле Галянішчаве і быў пахаваны ва Успенскім саборы Маскоўскага Крамля. Мошчы святога і дагэтуль спачываюць там.


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.