Жыццяпіс святога мучаніка Меркурыя Смаленскага

Святы мучанік Меркурый Смаленскі, як мяркуюць сучасныя даследчыкі, нарадзіўся прыблізна ў 10-я гады XIII ст. Паводле аповесці аб Меркурыі, ён быў «родом римлянин, но верою благочестив, ибо принадлежал к святой вере греческой». Святы яшчэ ў юнацтве прыехаў у Смаленск і знаходзіўся там на службе ў князя. Тут, у Смаленску, жыў Меркурый «благочестиво в Господних заветах, поучаясь день и ночь, расцветая преподобным житием, постом и молитвой сияя, словно звезда богоявленная посреди всего мнра, ибо был умилен душой и слезен, часто приходил к церкви Креста Господня моляться за мир зовомый Петровского Ста».

Час, калі ў Смаленску жыў святы Меркурый, быў цяжкім для ўсходнеславянскіх земляў. Тут пракацілася нашэсце войска татарскага хана Батыя. Пры гэтым захопнікі чынілі здзек над праваслаўным людам, рабавалі храмы і манастыры, апаганьвалі хрысціянскія святыні. У такой страшнай бядзе нашыя продкі ўсе свае спадзяванні пакладалі на Бога, на Божую Маці, маліліся аб збаўленні і дапамозе.

I вось, пасля зваявання Кіева і Масквы, войска Батыя ў 1237 годзе наблізілася да Смаленска. Усе жыхары маліліся разам у Багародзічнай царкве, каб Уладарка выратавала верны Ёй горад ад нашэсця. У гэты ж час нейкаму панамару, што быў у Пячэрскім манастыры за Дняпром, а па іншых сведчаннях — маліўся ў тым жа самым храме, было адкрыццё ад цудатворнай іконы Божае Маці: «Чалавек Божы! Хутчэй ідзі да таго Крыжа, дзе моліцца ўгоднік мой Меркурый і скажы яму: Кліча цябе Божая Маці!» Багародзіца назвала панамару дакладнае месца, дзе трэба было шукаць Яе ўгодніка. Сапраўды, на ўказаным дворышчы панамар убачыў Меркурыя ў поўным узбраенні, бо «было яму ўжо адкрыта звыш аб падараванай перамозе яшчэ перад прыходам панамара». Калі Меркурый даведаўся ад вестуна, што надышоў час ягонага подзвігу, ён разам з панамаром вярнуўся ў Багародзічны храм, альбо, паводле іншага жыццяпісу — у Пячэрскі манастыр. «и увидел Пречистую Богородицу, сидяшую на золотом престоле, Христа во чреве имеющую, посреди ангельского воинства». Святому Меркурыю было адкрыта, што войска Батыя на чале з нейкім асілкам мае свой стан на Доўгім Мосце і рыхтуецца да нападу. Абраннік Божае Маці Меркурый павінны быў забіць гэтага асілка, пасля гэтага аддаць нейкаму «чалавеку з дзівосным абліччам» сваю зброю і прыняць ад яго мучаніцкую смерць (паводле іншых рэдакцыяў, Меркурый мусіў загінуць у бітве ад рукі сына асілка і ўвянчацца нябесным вянцом).

Святы Меркурый атрымаў благаславенне ад Найсвяцейшай Уладаркі, выйшаў з храма і ўбачыў баявога каня, што чакаў яго. Ён заспяшаўся да Доўгага Моста, пранік у стомленае падарожжам варожае войска, сатварыў малітву і забіў асілка, а разам з ім і мноства ваяроў. На світанні святы Меркурый прыйшоў да гарадскіх муроў і памаліўся Багародзіцы аб прыняцці мучаніцкага вянца.

У гэты час на смаленскага ваяра напаў татарскі атрад, але на дапамогу беларускаму волату прыйшло войска нябеснае, і татары вымушаныя былі ганебна адступіць. Татарскае войска было разбітае, але ў гэтым баі загінуў святы Меркурый, які быў забіты сынам татарскага асілка. Цела святога з належнай пашанаю было пахаванае смалянамі на клірасе Багародзічнай царквы справа ад Царскае брамы.

Праз пэўны час да таго ж самага панамара з'явіўся ў відзежы ваяр Меркурый, які загадаў гараджанам павесіць над ракай з яго мошчамі шчыт і дзіду, што належылі святому, каб у выпадку пагрозы гораду жыхары з малітваю да Багародзіцы і самога мучаніка Меркурыя выносілі гэтую зброю і атрымлівалі перамогу над ворагам яго цудатворнай сілай.

Святкаванне памяці святога мучаніка Меркурыя было ўстаноўлена ў XVI стагоддзі; ужо ў 1509 годзе жыхары Смаленска называлі яго сваім галоўным апекуном.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.