Жыццяпіс свяшчэннамучаніка Макарыя, мітрапаліта Кіеўскага

Свяшчэннамучанік Макарый, мітрапаліт Кіеўскі, нарадзіўся ў межах Вялікага княства Літоўскага ў 20 — 30-я гады XV стагоддзя. 3 дзяцінства ён атрымаў дасканалае выхаванне. Юнак гадаваўся ў вялікай пабожнасці: наведваў набажэнствы, праводзіў дні ў малітве і посце. Стаўшы паўналетнім, ён прыняў пострыг з імем Макарыя ў адным з манастыроў беларуска-літоўскай дзяржавы, дзе доўгія гады чыніў подзвіг малітвы і манастырскіх паслушэнстваў.

Пакорлівасць і пабожнасць інака прыцягнулі да яго увагу Кіеўскага мітрапаліта Сімяона. Прыблізна ў 1472 годзе ён узвёў Макарыя ў сан архімандрыта і аддаў пад яго кіраўніцтва Свята-Троіцкі манастыр у сталіцы дзяржавы Вільні. Гэты горад меў у той час надзвычайнае значэнне ў царкоўным жыцці княства, бо ў ім тады знаходзілася мітраполічая кафедра, што была перанесеная мітрапалітам Грыгорыем Цамбалакам з Кіева, спаленага заваёўнікам Эдыгеем у 1416 альбо 1418 годзе.

У 1495 годзе, пасля смерці мітрапаліта Іоны Глезны, два епіскапы ў Вільні рукапаклалі архімандрыта Макарыя ў Кіеўскага мітрапаліта. Яны зрабілі гэта без запрашэння стаўленіка з Канстанцінопаля, а да Патрыярха накіравалі старца Дзіянісія і дыякана інака Германа па благаславенне. Такая паспешлівасць тлумачылася тым, што кафедра не магла доўга заставацца незанятай з увагі на небяспеку каталіцкай экспансіі.

Гады, прызначаныя святому Макарыю для яго служэння ў архіпастырскім сане, былі цяжкімі, як для самога мітрапаліта, так і для ўсёй Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі.

Прыхільнік лацінства Вялікі князь Аляксандр Казіміравіч праводзіў недальнабачную і рызыкоўную палітыку па распаўсюджванню каталіцтва на абшарах Літоўскай Русі. Пры гэтым ён выкарыстоўваў і прымусовыя сродкі.

Каб супрацьдзейнічаць каталіцкаму празэлітызму, мітрапаліт Макарый вымушаны быў хадайнічаць аб абароне перад Маскоўскім гасударом. Расейскі валадар дасылаў у Літву дыпламатычныя ноты, неаднаразова пагражаў вайной і нават абвясціў яе.

Святы Макарый ніколі не дапушчаў чужога ўмяшальніцтва ва ўладкаванне царкоўных спраў. Ён паступова абмяжоўваў, а потым і ўвогуле спыніў умяшальніцтва гараджанаў у абранне настаяцеляў манастыроў і прыходскіх цэркваў. Дзеля дасягнення ўнутрыцаркоўнага міру мітрапаліт уводзіў на адказныя пасады епіскапаў, настаяцеляў манастыроў сваіх адзінадумцаў.

Шмат увагі святы Макарый надаваў маральнай чысціні духавенства. Ён склікаў нават адмысловы сабор, на якім патрабаваў ад свяшчэннаслужыцеляў бездакорных паводзінаў, а ў дачыненні да вінаватых прыняў строгія адміністрацыйныя і фінансавыя меры.

Уладыка Макарый дбайна клапаціўся аб дабараўпарадкаванні храмаў і манастыроў мітраполіі. Не пакідаў ён без свёй увагі і старадаўнюю сталіцу Праваслаўя на Русі — Кіеў. Неаднаразова за час служэння ў свяціцельскім сане ён імкнуўся наведаць гэты горад святога Ўладзіміра, што знаходзіўся ў заняпадзе, але быў вымушаны пераносіць свае паездкі з прычыны частых татарскіх набегаў на паўднёвыя ўладанні княства. Аднак, калі ў сакавіку 1497 года два атрады агаранаў былі разбітыя, уладыка Макарый палічыў, што гэта надоўга спыніць заваёўнікаў, і, нягледзячы на шматлікія папярэджанні аб небяспецы, у красавіку выправіўся ў дарогу, хаця яму і была прадказана хуткая пагібель.

Прадказанне гэтае спраўдзілася. Першага траўня 1497 года «Святой Макарий усечен был татарами над рекой Припятью в селе Стриголове» (Густынскі летапіс), калі ягоны абоз натрапіў на адзін з атрадаў татарскіх вершнікаў.

Хутка цела закатаванага мітрапаліта, — а пры ім не знайшлі правай рукі, што, напэўна, трымала святы крыж і была адсечаная, — было перанесенае ў Кіеў і пакладзенае ў Сафійскім саборы ў адмысловай драўлянай рацы.

Калі ў 1596 годзе саборам завалодалі уніяты, то, пасля рабавання, яны не кранулі мошчы свяшчэннамучаніка Макарыя, якія пасля 30 гадоў з дня смерці святога праславіліся цудамі.

Па сведчанні Апанаса Кальнафойскага, 5 верасня 1625 года, калі Андрэй Барэцкі і Сцяпан Шымковіч ехалі ў Кіеў, ім была відзежа: у зачыненым храме яны бачылі на хорах спевакоў у белым аблачэнні. Мітрапаліт, якому яны распавялі аб гэтай падзеі, палічыў гэта добрым знакам. I сапраўды: намаганнямі мітрапаліта Пятра Магілы храм гэты быў забраны ад уніятаў. У панядзелак Светлага тыдня 1634 года панамар Антоній Святагорцаў бачыў, як рака ззяла дзівосным святлом, а падчас святкавання Ўводзінаў у храм Прасвятой Багародзіцы ў 1636 годзе ў Сафійскім саборы перад іканастасам усю ноч гарэла запаленая нябачнаю рукою свечка; тое ж самае здарылася на свята архістратыга Міхаіла ў 1638 годзе перад іконай Збавіцеля.

Памяць свяшчэннамучаніка Макарыя, абаронцы Праваслаўя, што загінуў ад рук іншаверцаў , святкавалася спачатку ў дзень памяці Макарыя Егіпецкага — 19 студзеня, але з 1827 года свята ў гонар свяшчэннамучаніка Макарыя было перанесена на 1 мая — дзень яго мучаніцкай смерці.

У 1833 годзе нятленныя мошчы свяціцеля былі пакладзеныя ў новую срэбную раку, на якой знаходзіліся выявы самога святога Макарыя, яго хіратоніі, мучаніцтва і перанясення мошчаў.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.