Беластоцкая святыня

Праваслаўныя беларусы Беласточчыны глыбока ўшаноўваюць іконы Божай Маці, славяцца тут цудадзейнасцю Супрасльская, Бельская, Краснастоцкая, Пухлаўская, Васількоўская і іншыя мясцовыя. На жаль, арыгіналы некаторых з іх або загінулі, вывезеныя "у бежанства" у Расею падчас Першай Сусветнай вайны і трапіўшыя ў бальшавіцкае ганенне, або іх захапілі каталікі.

Трагічны лёс спаткаў таксама цудатворную ікону Беластоцкай Божай Маці. Паводле традыцыі першаўзорам для яе напісання паслужыла цудатворная ікона Супрасльскай Божай Маці, якую Супрасльскаму манастыру ахвяравала вялікая княгіня Галена Іаанаўна, дачка маскоўскага вялікага князя Іаана Васільевіча, жонка вялікага князя літоўскага і караля польскага Аляксандра Ягелона. Ікона карысталася вялікай пашанай і славілася цудамі, дзеля пакланення і малітвы перад ёю ў Супрасльскую Лаўру сцякаліся тысячы і тысячы паломнікаў не толькі з Падляшша, але і з суседніх беларускіх зямель.

Калі ў пачатку XVII ст. Супрасльскую Лаўру гвалтам захапілі уніяты, яны не дапусцілі праваслаўных да іх святыні. Тады праваслаўныя даручылі нейкаму здольнаму іканапісцу (яго імя, на жаль, не захавалася) спісаць з яе дакладную копію. Ён вельмі сумленна і старанна выканаў даручэнне, і паўстала новая ікона, цалкам тоесная арыгіналу. Яе ўрачыста асвяцілі і змясцілі ў праваслаўнай царкве ў Беластоку. Па-ранейшаму, як калісці ў Супрасль, пайшлі да яе з малітваю праваслаўныя паломнікі. Болей за паўтара стагоддзя святыня знаходзілася ў Беластоку, спачатку ў маленькай старой царкве, потым пасля ўзвядзення ў 1843-1846 гг. беластоцкага сабора і высвячэння яго ў імя св. Мікалая Цудатворцы славутым аднавіцелем праваслаўя на Падляшшы мітрапалітам Іосіфам Сямашкам, ікона была ўстаноўлена ў гэтым храме. Яна стала найбольшай святыняй горада Беластока, да яе прыкладвалася, між іншым, сям'я Раманавых на чале з царом Мікалаем II падчас наведання Беластока 6 верасня (25 жніўня па старым стылі) 1897 г.

У I Сусветную вайну гэтую святыню забралі з сабою праваслаўныя беластачане "ў бежанства" ў глыб Расеі, і адтуль яна ўжо не вярнулася. Але захаваліся дакладныя яе копіі, і на падставе іх была створана ікона, якая цяпер асвячае беластоцкі Свята-Мікалаеўскі сабор, і перад якой моляцца тысячы праваслаўных Беласточчыны, Польшчы і паломнікаў з іншых краін свету.

Днём урачыстага святкавання цудатворнай іконы Беластоцкай Божай Маці стаў другі чацвер пасля Святое Троіцы.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.