Каляды (Святкі)

7-19 студзеня

Каляды (ад лац.«calendae», што азначае першы дзень кожнага месяца, ці ад слова «кола») – зімовае свята, якое пачынаецца з 7 студзеня паводле новага стылю. Асноўны духоўны сэнс яго – выратавальная падзея Нараджэння Госпада Бога і Спаса нашага Іісуса Хрыста — дапаўняецца ладам жыцця беларуса, яго побытам, аграрнымі вымогамі. У гадавым каляндарным коле свята атаясамліваецца з зімовым сонцастаяннем, паваротам часу на лета. Са старажытных часоў дбайнаму гаспадару Каляды нясуць добрыя спадзяванні на ўраджай, на лепшае жыццё. 3 дня ў дзень, на працягу ўсіх Каляд, паўтараюцца народныя абрады, звычаі, забавы, гульні і нават варажба. Бясспрэчна, шмат непрымальнага тут для адукаванага чалавека, для хрысціяніна.

Святая Царква не супраць забаў, народных традыцый. Аднак яны не павінны парушаць чысціні думак і пачуццяў, не павінны быць непрыстойнымі для слыху і для вачэй, не павінны прыніжаць чалавечай годнасці. Не разгул і гучныя свецкія забавы робяць свята Хрыстова прыемным і радасным для нас, а суцяшальная слодыч Божай ласкі, што даруецца толькі тым, хто ўхіляецца ад усяго, чым зневажаецца любоў Божая, чым абражаецца святое імя Хрыста, чым парушаецца святасць вялікай падзеі Нараджэння Госпада.

3 даўніх часоў у славянаў існавалі звычаі — пераапранацца, рыхтаваць маскі, вадзіць карагоды, паліць вогнішчы, варажыць і іншыя. 3 распаўсюджаннем хрысціянства гэтыя язычніцкія абрады былі пераасэнсаваны, яны перайначыліся, утварыліся новыя, на хрысціянскай аснове.

А што датычыцца Калядаў — гэта пераважна «святыя дні». Таго, што не адпавядае іх святасці — не павінна быць! У канцы XVII ст. патрыярх Іаакім, апісваючы маскоўскія Святкі, абураецца тым, што «мужіе съ женамі і девками ходятъ по улицамъ и къ бесовскимъ песнямъ многія сквернословія присовокупляютъ, и плясанія творятъ на разженіе блудныхъ нечнстотъ, преобразующееся въ неподобныя отъ Бога созданія, образъ человеческій применяюще, православныхъ хрнстіанъ прелщаютъ». Што тычыцца варажбы, дык да яе наша Царква ставіцца вельмі адмоўна і рашуча забараняе. У 61-м правіле VI Усяленскага Сабора гаворыцца: «Предающіеся волшебникамъ, или другимъ подобнымъ, дабы узнати отъ нихъ, что восхотять имъ открыти, согласно съ прежними отеческими о нихъ постановленіями, да подлежатъ правилу шестилетней епитиміи {рэд. — пакаранню). Той же епитиміи надлежитъ подвергать и техъ, кои произносятъ гаданія о счастіи, о судьбе, а равно и такъ именуемыхъ, обаятелей, делателей предохранительныхъ талисмановъ м колдуновъ…» Сучасная святочная варажба хоць і пачынаецца іншы раз жартам, але завяршаецца вялікай шкодаю для душы. Бог па Свайму мудраму Промыслу ўтоіў ад нас будучае. Хто безразважна намагаецца адкрыць заслону будучага варажбою, той ідзе супраць Бога, той верыць не ў сілу Божую, а ў ерась. Сапраўдны хрысціянін павінен памятаць, што толькі ў надзеі на Бога, у глыбокай адданасці і пакоры Яго святой волі — наша суцяшэнне, наша моц і наша шчасце, і што варажба аддаляе ад нас міласэрнасць і дапамогу Божую. Занятак ёю ў святыя дні ўслаўлення народжанага Збаўцы, ёсць акрамя ўсяго зневажанне святасці гэтых дзён.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.