Першая Куцця (Посная, Бедная)

6 студзеня

Паводле намеру Святой Царквы пярэдадзень Ражджаства Хрыстовага ёсць дзень завяршальнай падрыхтоўкі і сустрэчы вялікага свята ўсіх хрысціянаў. Сярод пабожных беларусаў існуе звычай рыхтавацца да яго працяглым постам, які мае народную назву «Піліпаўка» і пачынаецца 28 лістапада (новы стыль) адразу пасля дня памяці апостала Філіпа. Перад святам наводзіцца парадак, усё мыецца, прыбіраецца, назапашваюцца прадукты харчавання. Царква заклікае завяршаць саракадзённы Калядны пост найбольш строгім устрыманнем. Толькі ўвечары, пасля заканчэння службы, дазваляецца распачынаць вячэру каштаваннем «куцці з мёдам» — слодычы духоўных дароў.

Святкаванне пачынаецца 6 студзеня са з'яўленнем на небе першай зоркі. Вячэра гатуецца без жывёльнага тлушчу і складаецца з трох ці больш страў: селядца з алеем ці іншай рыбы, квасу з грыбамі, бліноў з макам ці мёдам, кісялю і абавязкова куцці — кашы з ячменю. У шмат якіх мясцінах вячэра ладзіцца наступным чынам. Стол накрываецца абрусам, пад які падсцілаецца сена. Запальваецца свечка ці лампадка, чытаюцца малітвы. Гаспадар сядае на покуці, за ім, па старшынству, яго сыны, а на другі бок стала гаспадыня і астатнія дзеці. Зачарпнуўшы першую лыжку куцці, гаспадар стукае ў сцяну і просіць, каб мароз «не марозіў ячменю, пшаніцы, гароху і ўсяго, што Бог судзіць пасеяць». Такое ж пажаданне выказвае і гаспадыня, пералічваючы агародніну. Пасля таго, як ўсе каштуюць кожную страву, вячэра завяршаецца зноў куццёй і малітваю. Раніцай калядным сенам кормяць карову, авечак, што павінна, быццам бы, засцерагчы жывёлу ад немачы.

Каштаванне пералічаных на вячэры страў сімвалічна адлюстроўвае нараджэнне і смерць Іісуса Хрыста (узвар гатуецца звычайна з нагоды нараджэння немаўляці; куцця бывае на пахаванні). Сенам напамінаецца месца нараджэння Дзіцяткі і яслі, у якія Яно было пакладзенна пасля нараджэння.

У гэты дзень трымаюцца і забаронаў. Напрыклад, не сварацца, не працуюць.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.