Калядны Мясаед

7 студзеня

3 7 студзеня дазваляецца ўжываць скаромнае, есці мяса, свята набывае асаблівую разнастайнасць і ўрачыстасць. Апавядаюцца казкі, легенды, адгадваюцца загадкі, ладзяцца ігрышчы. У залежнасці ад мясцовай традыцыі гуляюць у «Яшчура», у жартоўную шлюбную гульню «Жаніцьба Цярэшкі», ладзяць «Батлейку» (народны лялечны тэатр). 3 гэтага дня ходзяць па вуліцах і хатах пераапранутыя ў цыганоў; водзяць «казу», «мядзведзя», «жорава»; калядоўшчыкі носяць «звязду», спяваюць духоўныя і калядныя песні, скачуць пад скрыпку, дуду і бубен; абавязкова пяюцца песні ў гонар Ражджаства Хрыстовага і велічальныя песні гаспадарам, іх дзецям з самымі шчодрымі пажаданнямі.

Звычай калядавання таксама бярэ свой пачатак з дахрысціянскіх часоў. Працягваецца ён ў некаторых мясцінах Беларусі да заканчэння Калядаў. 3 цягам часу калядаванне страціла свой язычніцкі характар і набыло хрысціянскі сэнс. Абаронцы праваслаўя надавалі асаблівае значэнне духоўным песням ў гонар надзвычайнай падзеі Нараджэння Гасподняга. Парадак калядавання вызначаўся царкоўнымі брацтвамі. Гэта спрыяла шырокаму распаўсюджанню звычая. Выхаванцы нашых духоўнанавучальных устаноў мелі рукапісныя зборнікі калядных песень і спявалі іх у свята Ражджаства Хрыстовага. Цяпер калядаванне ў большасці выпадкаў страціла свой релігійна-царкоўны характар і ўтрымлівае шмат непрыстойнага і абразлівага для хрысціянскага пачуцця. Услед за песняю рэлігійнага зместу можна пачуць блюзнерскія каламбуры і непрыстойныя мірскія песні, і самі песні з услаўленнем Ражджаства Хрыстовага маюць грубыя скажэнні.

Звычай насіць «звязду», ладзіць «батлейку»… «Звязду» робяць з выкарыстаннем прамасленай паперы; на адным баку выява Богадзіцяці, а на другім — пакланенне Яму пастухоў, альбо вешчуноў. «Звязду» ўносяць на падворак ці ў хату, спяваючы калядныя песні. «Батлейка» — мініяцюрны, пераважна двухпавярховы, тэатр са шпяньковымі лялькамі, прызначэнне якога — паказаць ў дзеянні і персанажах гісторыю Нараджэння Хрыстовага, забойства віфлеемскіх дзяцей. Аднак у гэтых прадстаўленнях шмат сумесі біблейскага з вульгарным. Зразумела, святар той царквы, у прыходзе якого адбываецца калядаванне, павінен дапамагчы зрабіць яго высакародным, каб яно на самой справе служыла ўслаўленню Хрыста і зрабілася сапраўдным песенным віншаваннем у гонар вялікага хрысціянскага свята.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.