Шчодры вечар, Другая куцця, Новы год

Шчодры вечар (Святы вечар, Шчадруха, Шчодрык)

Другая Куцця (Мясная, Багатая, Скаромная)

Новы год (паводле старога стылю)

13 студзеня

Вечар напярэдадні Новага года (13 студзеня – новы стыль) звязаны ў народзе з думкай пра адраджэнне Сонца, якое прыносіць лета і ўраджай. Рыхтуецца абрадавая вячэра і вызначаецца яна багаццем і разнастайнасцю скаромных страў. Таму пераднавагодні вечар ды сама вячэра маюць адпаведную назву.

Пасля тага, як за сталом збярэцца ўся сям'я, гожа запаляць свечку на покуці і памоляцца, гаспадар пытае ў сваёй жонкі:
– А ці бачыш ты мяне?
– Не бачу, – адказвае звонка жанчына.
– Каб белага свету не бачыла ты за гуркамі, капустаю, морквай, ды за гарбузамі ўлетку на шчодрым гародзе!
– А ці бачыш ты мяне? – пытаецца цяпер гаспадыня.
– Не бачу, – адказвае муж па старой завядзёнцы.
– Каб жа ты свету белага не бачыў за скірдамі, за снапамі, за копамі ўлетку!

У гэты дзёнь пачынаюць «шчадраваць» дзяўчаты. На ролю «Шчодрай» выбіраецца гожая дзяўчына, якую апранаюць у святочнае адзенне, надзяюць папяровы вянок з рознакаляровымі стужкамі. Пяюць песні-«шчадроўкі» пад вокнамі і ў хатах, славяць гаспадароў. Са Шчодрым вечарам звязаны некаторыя забароны, павер'і і варажба пра лёс моладзі.

Звычай сустракаць і праводзіць першы дзень Новага года шумлівымі гулянкамі, вясёлымі забавамі ўзнік у старажытных рымлян-язычнікаў. Лічылася: хто весела сустрэне Новы год, той на працягу цэлага года будзе жыць весела і бесклапотна. Быць п'яным у гэты дзень — пажадана кожнаму. Мужчыны і жанчыны пераапраналіся ў незвычайнае адзенне, прыпадабняліся да розных жывелаў і сваіх язычніцкіх багоў, хадзілі з песнямі, крыкам, скокамі з дома ў дом. Чараўнікі і прадказальнікі апантана варажылі на будучыню. I гэта працягвалася ўсю ноч. 3 раніцы віншавалі адзін аднаго, разносілі падарункі, выказвалі пажаданні.

Міжвольна ўспамінаюцца павучанні святога Іаана Златавуста з яго слова на Новы год: «Калі ты ўбачыш канец года, дык будзь удзячны Уладыку, што Ён увеў цябе ў такі кругазварот гадоў, засмуціся сэрцам, задумайся над мінулым, скажы самому сабе: дні цякуць і мінаюць, гады сканчаюцца… а што зрабілі мы добрага?»

Сапраўды, дзіўна і недаравальна хрысціяніну чакаць надзвычайных багаццяў ад таго, як ён сустрэў Новы год, забыўшыся на тое, што сапраўднае шчасце залежыць не ад імклівасці часу, але ад волі Божай і ад праведнасці нашага жыцця. Святая Царква схіляе нас да чыстасардэчнага раскаяння ў грахах і цвёрдага намеру ўхіляцца зла, вучыць, што даброты жыцця залежаць ад Бога і належаць тым, хто спяшаецца рабіць добрыя справы, г.зн. — сапраўдным хрысціянам.

Толькі сапраўдны хрысціянін і можа ўсцешыцца спакойным, чыстым сумленнем — найкаштоўнейшым з усіх скарбаў; толькі ён можа ў непахісным спадзяванні на Бога пераносіць усе бедствы і спакусы; толькі ён можа правільна карыстацца багаццямі свету для славы Божай, для ратавання душы сваёй і тварэння дабра для людзей; толькі ён можа быць задаволены сваім лёсам, які ніспаслаў яму Гасподзь. У гэтым і ёсць сутнасць шчасця на зямлі. Такога шчасця і неабходна жадаць з надыходам Новага года і сабе, і бліжняму, толькі яго трэба гарачымі малітвамі прасіць у Госпада.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.