Грамніцы

15 лютага

У народзе лічыцца, што гэта дзень сустрэчы зімы з летам, што ўжо пачынаецца прадвесне і трэба рыхтавацца да вясновых работ. На Грамніцы спяваюць першую песню-вяснянку:

Зіма з летам
сустракалася,
Пра здароўейка
пыталася…

Вядома і прымаўка: «Як прыйдуць Грамніцы — скідай рукавіцы».

Існуе ў народзе звычай асвячаць у царкве свечкі, захоўваць і карыстацца імі ўвесь год з вераю ў ачышчальную сілу агню. 3 грамнічнай свечкай сустракаюць нованароджанага, яе ўжываюць у вясельных абрадах, кладуць у рукі нябожчыку. Свечка выкарыстоўваецца пры першым выгане жывёлы на пашу і першай яе сустрэчы з пашы, пры засеўках і ў час жніва. Але ці не галоўным прызначэннем грамнічных свечак з'яўляецца ахова дома, у якім яны знаходзяцца. Калі пачынаецца навальніца, сяляне іх запальваюць з вераю ў дапамогу, каб маланка не спаліла хату. Запаленая свечка быццам бы зберагае і ад іншых нябесных стыхіяў (засухі, вынішчальных дажджоў і граду).

Узнікненне гэтага звычаю адносіцца да часоў Уніі і тлумачыцца ўплывам каталіцкай царквы, дзе штогод адбываецца ў дзень «Ачышчэння Прасвятой Дзевы Марыі» (так называюць каталікі свята Стрэчання) асвячэнне свечак на літургіі.

Свята Грамніцы звязана і з шэрагам метэаралагічных прыкмет. Найбольш пашыраная з іх: «Калі на Грамніцы певень з-пад страхі нап'ецца вадзіцы, то на Юр'я вол пад'есць травіцы».

Беручы пад увагу народныя традыцыі, Праваслаўная Царква з асаблівай дакладнасцю распавядае гісторыю Стрэчання Гасподняга, тлумачыць сутнасць дванадзесятага свята.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.