Масленіца

3 27 лютага (дата рухомая)

Гэтае перадвесняе свята доўжыцца некалькі дзён на Сырным (Масленічным) тыдні і звязана з адраджэннем пладаносных сіл зямлі. Асноўная накіраванасць абраднасці — провады зімы, жаданне хуткага прыходу вясны. Існуюць разнастайныя масленічныя абрады, у тым ліку прысвечаныя маладажонам. Як правіла, на Масленым тыдні маладыя гасцююць у бацькоў жонкі (прыезд зяця да цешчы «на бліны»).

Увогуле Масленіцы ўласціва незвычайная весялосць. Дзяўчаты, маладзіцы ўбіраюцца ў лепшыя строі.

Моладзь наладжвае гушканне на арэлях, коўзанне з горак на санках. Чым вышэй узляціш на арэлях, чым далей скоцішся з горкі — тым даўжэйшы быццам бы будзе лён. На Масленіцу абавязкова ласуюцца блінамі, спяваюць масленічныя песні.

Сырны тыдзень назву сваю атрымаў ад таго, што Святая Царква, паступова ўводзячы вернікаў у подзвіг Вялікага посту, з надыходам Сырнага тыдня ставіць іх на апошнюю ступень падрыхтоўчага ўстрымання: забараняецца ўжываць мяса, і дазваляецца есці сыр, яйкі і масла. Каб, паступова адмовіўшыся ад прыемных страў, без цяжкасці перайсці да посту. Таму сапраўды набожным вернікам у Сырны тыдзень неабходна быць ва ўсім асабліва стрыманым, хоць устрыманне неабходна заўжды.

У нас жа, на вялікі жаль, Сырны тыдзень (Масленіца), па скажоным чалавечым разуменні і звычаю, ператвараецца часам у тыдзень празмернасці ў ежы, у дні празмерных свецкіх забаў і з'яўляецца супрацлегласцю намерам Святой Царквы. Відавочна, святкаванне Масленіцы мае язычніцкую пераемнасць. Існаваў язычніцкі бог — вынаходнік хмяльнога пітва, якому прысвячаліся некаторыя святы (вакханаліі), і такія святкаванні праводзіліся з усялякімі непрыстойнасцямі.

Неабходна памятаць святога Ціхана Задонскага павучанне: «Хто праводзіць Масленіцу ў бясчынствах, той становіцца відавочным неслухам Царквы і паказвае сябе не вартым самога імя хрысціяніна».

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.