Гуканне вясны

7 красавіка

У залежнасці ад геаграфічных мясцовых умоў на свята Благавешчання адбываецца (ужо не першая) сустрэча вясны. Адухоўленае евангельскай падзеяй — паведамленнем Дзеве Марыі пра Нараджэнне ад Духа Святога Сына Іісуса — гуканне вясны набыло надзвычай паэтычныя формы.

Гурты дзяўчат збіраюцца на самыя высокія месцы, на бераг ракі ці возера, спяваюць вяснянкі, клічучы вясну з цёплымі дзянькамі, частымі дажджочкамі, распальваюць вогнішчы, водзяць карагоды («Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць»). Хлопцы з дудкамі і гармонікамі далучаюцца да дзяўчат. Бліжэй да вечара на ўсё наваколле сягаюць песні. Пачынаюць часам вяснянку ў адной вёсцы, падхопяць у другой, працягваюць у трэцяй… Шырыцца, лунае песня над абшарамі, лучыць людзей з прыродаю, сагравае і ачышчае душою…

Благавешчанніко святое,
Пашлі сонейка залатое,
Каб зямелька адышла,
Ды вясна да нас прыйшла…

Па асаблівасцях гэтага дня робяцца прагнозы на ўраджай. Як на Благавешчанне дождж — збярэш багата хлеба; калі суха, то летам магчыма засуха. Умеранае надвор'е — умеранае будзе лета і такі ж ураджай. Пасля гэтага дня ўрабляюць зямлю пад новыя пасевы.
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.