Вялікдзень

23 красавіка (дата рухомая)

Найвялікшае народнае свята са старажытных часоў. 3 прыняццем хрысціянства яно атрымала асаблівы духоўны сэнс і ачышчальную моц, з'яўляецца выключна радасным і ўрачыстым у шэрагу ўсіх хрысціянскіх святаў.

Падрыхтаваўшы сябе духоўна Вялікім сямітыднёвым постам, на перадвелікодным Белым тыдні пачынаюць рыхтавацца да правядзення святочных дзён. У Чысты Чацвер чысцяць, прыбіраюць хату і двор. У Вялікую Суботу, напярэдадні Вялікадня, гатуецца, варыцца, смажыцца мноства розных страў. Пякуцца пірагі, фарбуюцца ў розныя колеры і распісваюцца ўзорамі курыныя яйкі (пісанкі). Увечары гэтага ж дня прыбіраюцца ў святочную вопратку, бяруць з сабой падрыхтаваную для асвячэння ежу, ідуць у царкву на ўсяночную службу (а 18-й гадзіне).

Святкаванне пачынаецца снеданнем пасля адпаведнай малітвы. Разгаўляюцца асвячоным (свянцоным) яйкам, потым — іншай асвячонай ежай. Адзначаецца свята звычайна тры дні, у якія імкнуцца быць асабліва добрымі, шчодрымі і міласэрнымі. Любімая гульня ў моладзі — біткі. Стукаюцца велікоднымі яйкамі, і пераможцам аказваецца той, у каго яно застаецца цэлае («мацак»). Ходзяць на свята і спевакі-валачобнікі.

Абыходзячы двары, велічаюць гаспадароў, руплівую працу, жадаюць шчаслівай долі.

Дай табе Божа,
гаспадарочак,
I ў каморы, і ў аборы.
А дзе гара —
там жыта капа,
А дзе лагчына —
там жыта сцірта,
А дзе лог —
там сена стог.
Дай табе Божа,
гаспадарочак,
Піва варыці,
сына жаніці…

Сутнасць і змест Вялікадня — свята ўсіх свят хрысціянаў — вызначаюць падзеі апошніх дзён зямнога жыцця Іісуса Хрыста і Яго Уваскрэсення. Пасля смерці на крыжы Збавіцеля Іосіф і Нікадзім (вучні Хрыста) знялі цела Яго, абгарнулі чыстаю плашчаніцаю і паклалі ў пячоры. Уваход быў прывалены цяжкім каменем, а па загаду ворагаў Хрыстовых — прыстаўлена варта. «Як прайшла субота, на світанні… прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу. I вось зрабіўся вялікі землятрус: бо Анёл Гасподні, які сышоў з неба, прыступіўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сядзеў на ім; выгляд жа яго быў, як маланка, і ўбранне яго белае, як снег. I ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі, і сталі, як мёртвыя. Анёл жа, звяртаючыся да жанчын, сказаў: не бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Іісуса ўкрыжаванага; няма яго тут; Ён уваскрэс, як сказаў; падыдзіце, пабачце месца, дзе ляжаў Гасподзь; ды ідзіце хутка, скажыце вучням Яго, што Ён уваскрэс з мёртвых…» (Новы Запавет.Мф.28:1-7).

На Пасху (Вялікдзень) мы абменьваемся фарбаванымі (пераважна ў чырвоны колер) яечкамі. У старажытным паданні апавядаецца, што аднаго разу Марыя Магдаліна, прапаведваючы веру Хрыста, прыйшла да імператара Рыма і падаравала яму простае яечка са словамі: «Хрыстос уваскрос!» У сапраўднасці слоў святой Магдаліны ўладар імперыі пераканаўся відавочна: звычайнае яечка ў ягоных руках раптам пачало ружавець і, урэшце, стала ярка-чырвоным!

3 тых старасвецкіх часоў мы падчас найвялікшага свята Вялікадня даруем адзін аднаму фарбаваныя яечкі, як сімвал несмяротнасці жыцця і крыжовых пакут Іісуса Хрыста, дзеля нашага ўратавання, і кажам пранікнёныя словы: «ХРЫСТОС УВАСКРОС!».

Увогуле ж Пасха — свята старазапаветнае, усталяванае як памяць аб сыходзе яўрэяў з Егіпта, вызваленні іх з егіпецкага рабства. Назва яго паходзіць ад яўрэйскага слова «pesach», што значыць — праходзіць міма, ратаваць ад бяды. Вось адно з упамінанняў свята ў Бібліі: «Праз два дні павінна было адзначацца свята Пасхі і праснакоў; і шукалі першасвятары і кніжнікі, каб узяць Яго (Іісуса Хрыста — рэд.) хітрасцю і забіць» (Новы Запавет, Мк.14:1).

Хрысціянскі ж свет адзначае Пасху з часоў вызначальнай падзеі Уваскрэсення Іісуса Хрыста. Святкаванне яе адбывалася ўжо ў апостальскай (заснаванай вучнямі Збавіцеля) Царкве. У II стагоддзі існавалі два святы, дзве Пасхі. Адна — у знак смерці Збавіцеля, другая — у гонар Уваскрэсення Хрыстовага, яго Узнясення (саракавы дзень пасля Уваскрэсення), сашэсця Святога Духа на апосталаў (Пяцідзесятніца — пяцідзесяты дзень пасля Уваскрэсення). Пры тым, першая Пасха праводзілася ў журбе і строгім посце. 3 V стагоддзя назва «Пасха» стала надавацца толькі святу ў гонар Уваскрэсення Хрыстовага.

У хрысціянскай Царкве свята Пасхі ў абагульняючым сэнсе пачало азначаць: уваскрэсенне з мёртвых, пераход ад смерці да жыцця, абнаўленне і ўратаванне. Свята Пасхі — трыумф хрысціянскай веры, дабрадзейнасці, надзеі.

У праваслаўных хрысціянаў ёсць звычай на першы дзень Пасхі рыхтаваць для асвячэння ў царкве хлеб (пірог), фарбаваныя курыныя яйкі, мяса, сыр… — свяціць «пасху». Звычай мае пэўны сэнс, бо разгаўляюцца пасля Вялікага посту і малітвы асвячоным чырвоным яечкам, сімвалізуючым несмяротнасць жыцця і крыжовых пакут Іісуса Хрыста. Далей — ядуць асвячоны хлеб, мяса, сыр, што таксама робіцца як напамін аб нябачнай прысутнасці Уваскрэслага Хрыста, які разам з апосталамі ўжываў простую ежу.

Нездарма нашы продкі аздаблялі Пасху асаблівымі вераваннямі і звычаямі. Вялікдзень — свята вясны і абуджэння прыроды, спалучыўшыся з вялікай релігійнай пасхальнай урачыстасцю, надае яму асаблівае хараство і прывабнасць.

Святкаванне Пасхі — Уваскрэсення Хрыстовага — набыло ў цяперашні час важнае сацыяльна-грамадскае гучанне. Гэта свята Уваскрэсення нашай духоўнасці, свята Уваскрэсення Бацькаўшчыны!

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.