Сёмуха (Троіца)

11 чэрвеня (дата рухомая)

Сёмуха — нядзеля, якою завяршаецца сёмы тыдзень пасля Вялікадня, гэта старажытнае земляробчае свята славянскіх народаў. У аснове свята — культ зеляніны (заканчэнне веснавых палявых работ), шлюбу і продкаў. Лакальная назва свята – Зелянец («На Зелянец вясны канец»).

Напярэдадні Сёмухі, у суботу, спраўляюцца Сёмушныя, ці Траецкія Дзяды, каб ушанаваць памяць продкаў і заручыцца іх падтрымкай на добры ўраджай.

Перад святам прыбіраюць і ўпрыгожваюць хаты і двары «маем» (аерам, галінкамі і дрэўцамі бярозы, клёна, рабіны, дуба). Бярозе надаецца асаблівае значэнне, бо яна зелянее раней за іншыя дрэвы і найбольш увасабляе жыватворную сілу зямлі. Ёю упрыгожваюць покуць, ставяць каля брамы, веснічак. На падлозе сцелюць траву (часцей аер); кветкамі прыбіраюць абразы, сталы, вокны.

Святкуецца Сёмуха тры дні, у час свята ладзяць гульні, карагоды, плятуць вянкі, потым — агульнае частаванне. У некаторых мясцовасцях адбываецца кумаванне, спраўляецца шмат вяселляў. Дзяўчаты на свята адпраўляюцца ў лес «завіваць бярозкі», бяруць пры гэтым ежу і напоі, спяваюць сёмушныя (траецкія) песні, матывы кахання і шлюбу ў якіх асноўныя. Плятуць яшчэ на Сёмуху вянкі, якія пускаюць на ваду і пры дапамозе якіх зноў жа дзяўчаты вызначаюць свой лёс на замужжа. Існуе яшчэ і абрад «ваджэння куста», які мае, як і ўсе сёмушныя ўрачыстасці, аграрны і сямейна-шлюбны змест. Маладую дзяўчыну ўпрыгожваюць галінкамі («маем»), і дзявочым гуртам абыходзяць двары з песнямі. «Куставыя» песні маюць велічальны характар і, паводле народных уяўленняў, спрыяюць добраму ўраджаю, замужжу дзяўчат, якім адрасуюцца песні.

Цяпер на свята Троіцы кветкі і галінкі дрэў, зеляніна ўпрыгожвае не толькі жытло чалавека, але і храмы. Яны прыносяцца Богу як начаткі жыватворных сіл вясны і, разам з тым, служаць сімвалам Царквы Хрысто-вай, якая са з'яўленнем у ёй благадатнасці Святога Духа расквітнела і абнаўляе людзей.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.