Купалле

6 ліпеня

Старажытнае язычніцкае свята часу летняга сонцастаяння, найвышэйшага росквіту расліннага свету, жыватворных сіл зямлі. Селянін клапоціцца, каб сабраць і давесці да ладу плён сваёй працы — ураджай, каб ніякія нядобрыя сілы не перашкодзілі яму ў гэтым. Адсюль аграрна-ахоўнае назначэнне шматлікіх купальскіх абрадаў.

Святкуецца Купалле ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Днём дзяўчаты ідуць на луг, у поле збіраць купальскія зёлкі. Лічыцца, што сабраныя на Купалле, яны маюць асаблівую лекавую моц.

Галоўнае месца сярод абрадаў і гульняў Купалля займае купальскае вогнішча, якое надае святу асаблівую ўрачыстасць і каларыт. Увечары да вогнішча, раскладзенага за паселішчам, з купальскімі песнямі збіраюцца вяскоўцы. Пры агні гатуецца абрадавая вячэра, водзяць карагоды, моладзь забаўляецца гульнямі, скачуць праз агонь. Уздымаецца на высокім шасце запаленае кола, што сімвалізуе сонца, якое з гэтага часу робіць паварот на зіму. Полымя нясе ачышчэнне, праганяе быццам бы смерць, яно — крыніца жыватворных сіл прыроды.

А ў нас сёння Купала, Купала,
Пойдзем, дзевачкі, цвяточкі рваць,
А вечарам — у чыстае поле,
У жыта купалачку сабіраць,
А ў лесе касцёр будзем раскладаць,
Купальную ночачку праважаць.

3 Купаллем звязана рамантычная легенда пра Папараць-кветку. Вераць, што на Купалле апоўначы ў гушчары лесу зацвітае кветка Папараці. «А хто гэтую кветку адшукае, будзе мець усё». У паданнях расказваецца, што ў Купальскую ноч расліны размаўляюць між сабою, дрэвы пераходзяць з месца на месца, а рэкі свецяцца прывідным святлом. Сярод цудаў Купальскай ночы быццам назіраецца разгул змрочных сіл прыроды. Таму робяць розныя засцярогі ад нячысцікаў і сурокаў.

Пашырана на Купальскім свяце і варажба. Напрыклад, па кінутых на ваду вянках дзяўчаты і хлопцы вызначаюць, што чакае іх у будучыні, загадваючы на будучага мужа ці жонку. Пад раніцу моладзь купаецца ў рацэ, качаецца па купальскай расе, сустракае ўсход сонца, назіраючы, як яно «іграе» — пераліваецца рознымі колерамі. Гэтыя дзеянні маюць па павер'і ачышчальную сілу, дазваляюць набрацца здароўя, пазба-віцца хвароб і немачы.

Купалле святкуецца напярэдадні жніва, таму дбайнага гаспадара не пакідаюць думкі пра ўраджай («Святы Іван колас наліваець… пчолы садзіць, коску правіць — лугі пратаць, у сцірты кідаць»). Лічыцца добрым знакам на Купалле прайсці першы пракос.

Пад імем Купалы нашы продкі абагаўлялі жыццятворную сілу вады і цеплыню сонца, верылі, што гэты Купала скрыты і ў вадзе, і ў агні, і ў раслінах. У часы хрысціянскія па сваёй недасведчанасці, недасканаласці духоўнай, змешваючы язычніцкае з хрысціянскім, нашы старажытныя папярэднікі далучылі свята Купалы да свята Іаана, Хрысціцеля Гасподняга, даўшы святому Прадцечы празванне Івана Купалы.

Любячы бязмежна Госпада — Творцу ўсяго існуючага ў Свеце, — услаўляючы Яго праявы і тварэнні, мы павінны выкараняць шкодныя псеўдасвяткаванні, прымхі, забабоны, зневажальныя для хрысціянаў і абразлівыя для памяці Хрысціцеля Гасподняга Іаана.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.