Пятро (Пётр і Павел)

12 ліпеня

Прымеркаваных народных абрадаў свята не мае. Калі спрыяе надвор'е, пачынаюць сенакос («Хто ў Пятроўку сена не косіць, той зімой у сабак просіць»). Думаюць ужо і пра набліжэнне жніва («Святы Пятро — жытцу ядро»). Пасля Пятра лета хіліцца на восень («Прыйшоў Пятрок — апаў лісток»).

Увогуле ж Пятро выступае як своеасаблівы працяг Купалля. У час святкавання спяваюцца арганічна звязаныя з купальскімі пятроўскія песні. У наш час асноўныя іх матывы — каханне і шлюб.

Пятрова ночка невялічка,
Да не выспалася дзевачка.
Ягадкі брала — драмала,
Перабірала — заснула,
Прыехаў дзяцінка — не чула.
Махнуў хустачкаю — не дамахнуў,
Пакаціў пярсцёнак — не дакаціў,
Злез з коніка да пабудзіў:
«Устань, дзевачка, да не ляжы,
Паднімі пярсцёнак да на мяжы,
Да на праву ручку ўзлажы,
Да нясі мамачцы пакажы».

Па дню Пятра народныя метэаролагі прадказваюць ураджай, пагоду і непагадзь: «На Пятра дождж — мокры сенакос», «Калі перад Пятром перастае куваць зязюля — будзе восень халодная і ранняя зіма».

Святая Царква ў службе гэтага дня памяці Пятра і Паўла ўслаўляе святых апосталаў: «сябры Хрыстовы», «рэкі прамудрасці», «сусвету насыціцелі», «дабрадзейныя прапаведнікі», «падмурак Царкве, стаўпы і сцены, і трубы Хрыстовага вучэння і пакут».

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.