Ілля

2 жніўня

У народным календары гэта свята, якое азначае канец лета («Прыйшоў Ілля, то і лета няма») і пачатак восені, пахаладання, дажджоў («Ілля нарабіў гнілля»). Заканчваюць касавіцу, пачынаюць араць паравое поле, рыхтуючыся спакваля да сяўбы азімых.

Ад Іллі пачынаецца доўгачаканае жніво («Свята Ілля — слаўная жняя»). Выспяванне жыта часта вывяраюць па ягадах у лесе: паспелі на Іллю чарніцы, значыць, паспела і жыта. У гэты час праводзяць «зажынкі».
Абрадавы сэнс гэтага старадаўняга звычаю скіраваны на тое, каб забяспечыць добры збор ураджаю, выказаць пашану селяніна да хлеба, своеасаблівага яго культу. Навёўшы парадак у хаце, прыбраўшыся сама, зажынальніца (гаспадыня з дочкамі альбо нявесткамі), захапіўшы прыгатаваныя харчы, ідзе ў поле. Нажаўшы першы сноп, падсілкаваўшыся, з гэтым снопам вяртаецца дадому, дзе ён займае пачэснае месца на покуці пад абразамі (зерне з яго дамешваюць у насенне). Затым ладзіцца святочная вячэра, а ў наступныя дні пачынаецца цяжкая праца. Спяваюцца ў жніво і жніўныя песні.

Заканчваецца жніво «дажынкамі», якія абстаўляюцца адпаведнай урачыстасцю і абраднымі дзеяннямі: «завіванне барады», ушанаванне апошняга снапа, шчодрае частаванне і зноў жа песні, але ўжо дажынкавыя.

Ой, хвала табе, Божа,
Што жыта пажалі,
У снапочкі павязалі,
У бабачкі пастаўлялі
I копачкі палічылі…

3 прычыны адвольнага разумення падзей Біблейскага Пісання ў народзе існуе вера, што Ілія ёсць непасрэдны распарадчык грозных і дабрадатных сіл прыроды. У народным уяўленні прарок Ілія быццам бы ездіць на сваёй вогненнай калясніцы па небе і робіць гром. 3 глыбокай даўніны народ шанаваў гэтага ўгодніка Божага, а яго дзень быў святочны і непрацоўны. Лічылася, што непачцівасць да святога прарока і свята непазбежна вяла да Божага пакарання.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.