Першы Спас (Макавей)

14 жніўня

Спас — свята земляробчага календара, прымеркаванае да часу выспявання садавіны, гародніны («Спас — усяму час»). Гэта мяжа паміж летнім і асеннім цыкламі работ. Спасаў усяго тры. Першы спас завецца яшчэ ў народзе Макавей. Праводзяцца абрады з макам, яго ядуць, робяць варэнікі з мёдам. Царква ў гэты дзень услаўляе подзвіг сямі святых пакутнікаў Макавеяў, "мужных і вялікіх духам". У асобных мясцовасцях Беларусі са Спаса пачынаюць сяўбу азімых. На Макавея падкопваюць маладую бульбу, і па ёй мяркуюць пра ўвесь ураджай. Пчаляры падглядаюць пчол, выганяюць мёд. Звычайна на Спаса буслы адлятаюць у вырай. Калі яны адлятаюць затыдзень перад святам, гэта прадказвае, што раней надыдзе зіма і будзе марозная, а вясна цяплейшая; калі пасля свята — восень будзе цёплая, зіма позняя, вясна халодная.

I ўсё ж, свята не дае гаспадару забыцца, што доўга адпачываць няма як: «Святы Спасік, пільны часік, папар строіць, жытцо малоціць».

Раней на Спаса наладжваліся кірмашы, прадавалі садавіну, гародніну, мёд, збожжа, грыбы, скаціну, птушку, рамесныя вырабы.

У гэты дзень адбываецца святкаванне Усяміласцівага Спаса і Прасвятой Багародзіцы. У царквах, якія прысвечаны Усяміласціваму Спасу, праводзяцца адпаведныя службы. Адбываецца таксама малое водаасвячэнне.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.