Багач (Другая Прачыста)

21 верасня

У гэты дзень Праваслаўная Царква святкуе надзвычайную падзею нараджэння праблагаславёнай Дзевы Марыі, Маці Госпада нашага Іісуса Хрыста. Разам з тым селянін радуецца заканчэнню напружанай і працаёмкай пары — жніва. Тут важную ролю адыгрывае так неабходная сейбіту рэч — «багач» — сявенька з жытам ці пшаніцай і ўстаўленай васковай свечкай (жыта вымалочваецца з першага зажынкавага снапа і зносіцца па жменьцы з кожнага двара). 3 «багачом» абходзяць усе двары ў вёсцы, а на заканчэнне збіраюць на выгане статак і абносяць вакол яго «багач». Пасля свята «багач» ставяць у хаце пэўнага гаспадара і пакідаюць да наступнага жніва. Паводле народных павер'яў «багач» павінен забяспечыць дому багацце і шчасце.

Святочны дзень, як заўсёды, не толькі падсумоўваў зробленае, але і настройваў на далейшыя работы: «Багач — кідай рагач (саху), бяры сявеньку, сей памаленьку».

Звычайна да гэтага дня ўпраўляюцца шмат з якой работай, асноўнай турботай гаспадара застаецца сяўба азімых.

Ужо рана вечарэе, становіцца больш вольнага часу, і ў моладзі з'яўляецца магчымасць строіць пэўныя планы на шлюб. Ад Другой Прачысты пачынаюцца вячоркі.

На Багача робяць прадказанне на пачатак зімы. Калі пасля свята жывёліна мкнецца на пашу вельмі рана, то і зіма чакаецца ранняя. Прадчуваючы зазімкі, скаціна цягнецца болей скубянуць свежай травы.

Аднак, кожны хрысціянін павінен ведаць, што нараджэнне Прасвятой Дзевы Марыі ёсць пачатак выканання ўсіх запаветаў Божых, якімі жыло і суцяшалася чалавецтва на працягу тысячагоддзяў, гэта пачатак святаў, які служыць уваходам для дабрадатнасці і ісціны. Па словах святога Іаана Дамаскіна, «дзень нараджэння Багародзіцы ёсць свята сусветнай радасці, бо Багародзіцаю ўвесь род чалавечы абнавіўся».

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.