Першыя стагоддзі – аўтарытэт і святасць

Гістарычная памяць кожнага хрысціянскага народа ў патаемных глыбінях сваіх захоўвае святыя ўспаміны аб тых часах, калі, па наканаванню Промыслу Божага, Святло Евангельскай Хрыстовай ісціны сваімі дабрадатнымі промнямі ахінула яго родную зямлю. Месцы, дзе захаваліся нават толькі сведчанні, звязаныя з гэтай падзеяй, набываюць характар святыні і нязменна малітоўна ўшаноўваюцца, з'яўляючыся аб'ектамі паломніцтваў для шматлікіх пакаленняў царкоўнага народа. Людзі адукаваныя, аматары святой даўніны, мацуючы повязь часоў, прысвячаюць гэтым месцам свае доследы і развагі.

Па міласці Божае, для пабожнага беларускага народа такім месцам стаў старажытны горад Полацк. У летапісных сведчаннях Полацк упершыню згадваецца пад 862-м годам. Кім і калі быў заснаваны горад — нам невядома. Прападобны Нестар-летапісец паведамляе нам адносна гэтага, што славяне (ільменскія або Наўгародцы) пачалі трымаць сваё княжанне ў Ноўгарадзе, іншыя на Палаце «речькй ради… прозвашася Полочане».

У старажытнасці Полацк быў адным са знакамітых гарадоў Еўропы. Гэтаму спрыяла існаванне зручных водных шляхоў, якія дазвалялі зносіцца і весці гандль з Рымам, Візантыяй, Скандынавіяй. Прападобны Нестар тлумачыць: «А Дзвіна ідзе на поўнач і ўпадае ў мора Варажскае, таксама па Дзвіне можна ісці з Русі ў Варагі, ад Варагаў да Рыма».

Уплыў Полацкага княства пашыраўся на вялізную тэрыторыю ад Прыпяці да Балтыйскага мора і ад Дняпра да вытоку Нёмана. Пад юрысдыкцыяй Полацка першапачаткова знаходзіліся асобныя гарады ўніз па Дзвіне да Рыжскага заліва. Полацк браў актыўны удзел у міжнародных зносінах таго часу. Так, напрыклад, вядома, што ў 907 годзе палачане разам з дружынамі князёў Алега і Ігара ўдзельнічалі ў паходзе на Візантыю. У старажытных скандынаўскіх сагах, Полацк паўстае перед намі як багатае і незалежнае ўладарства на чале со сваім князем.

Няцяжка зрабіць выснову, што разнастайныя сувязі Полацка са знешнім светам спрыялі распаўсюджванню хрысціянскай веры ў Полацкім княстве яшчэ задоўга да пастаўлення тут першага епіскапа. На карысць гэтага сведчыць і летапіснае паданне аб тым, што яшчэ ў часы апостальскія святы апостал Андрей Першазваны, прапаведуючы Евангелле, прайшоў па шляху «з Варагаў у Грэкі» наведаўшы пры гэтым і землі, якія потым утварылі Полацкае княства. Такім чынам Полацк, яшчэ святым апосталам Андрэем «посредством предъизбрания» быў уключаны ў склад Царквы Хрыстовай. Аднак, спатрэбілася некалькі стагоддзяў, каб «споўніліся часы і надыйшлі тэрміны», калі голас Евангельскай пропаведзі аб збаўленні праз Хрыста дасягнуў нашае Бацькаўшчыны ва ўсёй паўнаце, шляхам пераемнасці апостальскай благадаці праз пастаўленне першага епіскапа ў старажытным Полацку.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.