Першыя стагоддзі – аўтарытэт і святасць


У дайшоўшых да нашых дзён летапісах першы епіскап, што насіў тытул Полацкага, згадваецца пад 1105 годам. Гэта епіскап Міна. Імёны яго папярэднікаў сёння нам невядомыя, аднак існаванне епіскапскай кафедры ўжо ў X стагоддзі ўскосна пацвярджаецца многімі гістарычнымі фактамі. Яны пераканаўча сведчаць, што пастаўленне ў Полацку першага епіскапа адбылося ў хуткім часе пасля заснавання епіскапскай кафедры ў Кіеве ў 988 годзе. Параўнальны аналіз летапісных крыніцаў, а таксама творы многіх гісторыкаў, дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што заснаванне Полацкай епіскапскай кафедры адбылося ў 992 годзе, калі пры Кіеўскім вялікім князі Ўладзіміры I Святаславічы «Начаша ставити на иных градах епископы: в Новгороде, в Полтеске, в Волынскую землю». Гісторык В.Тацішчаў, а таксама аўтар «Краткой истории Русской Церкви» мітрапаліт Платон, абапіраючыся на дакументы і летапісы, да нас не дайшоўшыя, меркавалі, што Кіеўскі мітрапаліт Нікіфар I, які рукапакладаў у 1105 годзе архімандрыта Міну ў епіскапа Полацкага, сам да гэтага займаў Полацкую епіскапскую кафедру. Цікава, што ў Сцепянной кнізе, дзе выкладзены жыццяпіс прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай, заначаецца, што пераемнік епіскапа Міны епіскап Полацкі Ілія, саступаючы прападобнай Еўфрасінні дзеля яе манастыра «мястэчка Сельца», якое належала архіерэйскаму дому, казаў прападобнай Еўфрасінні: «ёсць там царква Ўсяміласцівага Спаса, дзе брація наша ляжыць, папярэднікі нашыя епіскапы». 3 гэтага таксама можна зрабіць выснову, што епіскапы Полацкія Міна і Ілія мелі прынамсі некалькі папярэднікаў.

Пастаўленне першага епіскапа ў Полацк, як і ў іншыя гарады Русі, праводзілася мітрапалітам Кіеўскім Ляонціем адначасова з прызначэннем туды Вялікім князем Кіеўскім св. роўнаапостальным Уладзімірам сваіх сыноў-намеснікаў. «Уладзімір,— гаворыцца ў Густынскім летапісу, — падзяліў рускую зямлю на 12 княжанняў, сыном сваім дванадзесяці… у Полацку пасадзіў Ізяслава». Да таго ж св. роўнаапостальны Ўладзімір загадаў сынам сваім ў справах «з епіскапамі раіцца». Са старонак Ніканаўскага летапісу Полацкі князь Ізяслаў паўстае перад намі як асоба з уласцівымі ёй хрысціянскімі дабрадзействамі: «Быў жа той князь ціхі, і рахманы, і смірэнны, і міласцівы, любячы і шануючы святарскі і манашаскі чын, быў старанны ў чытанні Божых пісанняў, унікаючы мітуслівага тлуму, быў слёзны, замілаваны і доўгацярплівы».

Трэба зазначыць, што Ізяслаў (+1001) узышоў на Полацкі княжаскі пасад не проста як пераемнік свайго бацькі — Вялікага князя Ўладзіміра,— ён атрымаў ва ўладанне сваю «вотчыну», бо даводзіўся ўнукам Полацкаму князю Рагвалоду. Такім чынам, была адноўлена старажытная дынастыя Полацкіх князёў. Пасля захопу Полацка Ўладзімірам і забойства Рагвалода, што адбылося яшчэ да асабістага хрышчэння Ўладзіміра, дачка Рагвалода Рагнеда (+1000) была ўзята Ўладзімірам у жонкі, і ад гэтага шлюбу з'явіўся на свет Ізяслаў. У 985 годзе Рагнеда разам са сваім малым сынам Ізяславам былі паселеныя Ўладзімірам ў спецыяльна для іх адбудаваным горадзе, названым Ізяслаўль (сучасны Заслаўль пад Мінскам). Тут Рагнеда прыняла манашаства з імем Анастасія і заснавала манастыр. Па няпэўных сведчаннях, Рагнеда (Анастасія) стала першай жанчынай-манахіняй у межах усходне-славянскіх земляў. Уступленне Ізяслава на княжаскі прастол азначала аднаўленне дынастыі Полацкіх князёў.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.