Першыя стагоддзі – аўтарытэт і святасць


Вось у такіх абставінах была заснавана ў Полацку епіскапская кафедра. Прызначэнне тут першага епіскапа супала ў часе з княжаннем Ізяслава, які меў у Полацкай зямлі глыбокія карані роду і валодаў высокімі хрысціянскімі дабрадзействамі. Усё гэта прадвызначыла далейшы працэс распаўсюджвання хрысціянства: мірна, «без шуму і гвалту». Паводле меркавання Ермаловіча М.І.: «Гэтым тлумачыцца той факт, што яшчэ да канца XVI ст. у Полацкай зямлі захаваліся астравы язычніцкага насельніцтва, як, напрыклад, у раёне Абольцаў на Аршаншчыне, у раёне Гайны на Лагойшчыне і інш. I толькі па ўмовах Крэўскай уніі гэтае насельніцтва было ахрышчана ў каталіцкую веру. Менавіта з прыходам апошняй і пачаўся рэлігійны фанатызм, гвалтоўнае навязванне веры, знішчэнне праваслаўных кніг і таму падобнае». У самім жа Полацку, нягледзячы на сталыя сувязі з Заходнім светам, першая каталіцкая абшчына ўзнікла толькі напрыканцы XV стагоддзя. У 1498 годзе манахі-бернардзіны заснавалі ў Запалоцці свой кляштар і збудавалі драўляны касцёл Божае Маці. Манахі-бернардзіны мелі на мэце праводзіць ў Полацку місіянерскую дзейнасць па звароце праваслаўных палачанаў у каталіцтва. 3 гэтай мэтай яны захоўвалі ў богаслужэнні ўсходні абрад і не перахрышчвалі праваслаўных у выпадку іх пераходу ў каталіцтва. Аднак, высветлілася, што місія бернардзінаў не мела поспеху. Да сярэдзіны XVI стагоддзя ў Полацку па-ранейшаму дзейнічаў адзін касцёл пры бернардзінскім кляштары, у якім падвізалася не больш за дзесятак манахаў.

Прызначэнне ў Полацку першага епіскапа мела не толькі царкоўна-кананічнае значэнне. Як адзначаецца ў Пасланні Сінода Беларускага Экзархата з нагоды 1000-годдзя Праваслаўнай Царквы на Беларусі: «Заснаванне Полацкай епархіі дало пачатак не толькі царкоўнаму ўладкаванню на Беларускай зямлі, але з'явілася і найважнейшай пачатковай падзеяй у грамадскай гісторыі Беларусі. 3 утварэннем епіскапскай кафедры Полацк стаў духоўным цэнтрам, з якога пашыралася святая хрысціянская вера…; пачынаючы з яго — Полацка, — пайшла свая школа храмабудаўніцтва, асветы, настаўніцтва і рамёстваў».

Першая летапісная згадка аб Полацкіх храмах датуецца 1007 годам. Пад гэтым годам ў Лаўрэнцеўскім летапісу згадваецца «царква Багародзіцы». Паводле меркаванняў многіх даследчыкаў, храмы ў Полацку ўзводзіліся і раней, магчыма, нават да пастаўлення ў горадзе першага епіскапа. У ісландскай «Сазе аб хрышчэнні», дзе апісваюцца падзеі канца X стагоддзя, згадваецца царква ў імя св. Іаана Хрысціцеля, што знаходзілася непадалёку ад старажытнага Полацка. Пазней пры гэтай царкве быў заснаваны Св. Іаана-Прадцечанскі манастыр.

У сярэдзіне XI стагоддзя, у перыяд княжання Ўсяслава II Брачыславіча ў Полацку, на месцы, дзе, верагодна, перад тым знаходзілася царква, быў збудаваны каменны «у грэцкім стылі» саборны храм Святой Сафіі. На той час гэта быў чацверты ва ўсім хрысціянскім свеце храм, асвечаны ў імя Святой Сафіі Прамудрасці Божае. Падобныя храмы існавалі толькі ў Царградзе (Канстанцінопалі), Кіеве і Ноўгарадзе. Сафійскі сабор на працягу некалькіх стагоддзяў застаецца кафедральным храмам Полацкіх епіскапаў і духоўным сімвалам горада. Нават у афіцыйных дакументах, калі размова ішла пра Полацк, замест назвы горада нярэдка карысталіся назвай «Святая Сафія».

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.