Першыя стагоддзі – аўтарытэт і святасць


Пазней з цэглы былі збудаваныя Вялікі сабор Бельчыцкага манастыра, храм-усыпальніца «Пры царкве Спаса» і царква на Ніжнім Замку. Адначасова з пабудовай цэрквау у Полацку фармуецца свая адметная архітэктурная школа.

Як і ў іншых гарадах старажытнай Русі, пісьменнасць і адукацыя ў Полацку пашыраліся на падставе кірылічнай (царкоўна-славянскай) мовы. На гэтай мове пісалі свае пасланні першыя Полацкія епіскапы, складалі свае граматы князі. Да нашага часу захавалася асабістая пячатка князя Ізяслава з тэкстам па-царкоўна-славянску. Малады Полацкі князь замацаваў гэтай пячаткай адно з сваіх рукапісных пасланняў, якое ён накіраваў у Ноўгарад напрыканцы X стагоддзя. Пячатка Ізяслава з'яўляецца другім па старажытнасці ва ўсім славянскім свеце ўзорам скарыстання царкоўна-славянскага пісьма.

У царкоўна-адміністрацыйных адносінах, у адпаведнасці з кананічнымі правіламі Святога Праваслаўя, Полацкія епіскапы знаходзіліся ў кананічнай залежнасці ад Кіеўскіх мітрапалітаў. Яны бралі ўдзел у саборах, скліканых Мітрапалітам Кіеўскім, разам з іншымі епіскапамі выконвалі хіратонію і вызнавалі над сабой духоўную ўладу і вяршынства Кіеўскай мітраполічай кафедры. У сваю чаргу, Кіеўская мітраполія сама знаходзілася ў малітоўных зносінах з Патрыярхам ў Візантыі (Канстанцінопалі), прымаючы яго духоўна-кананічнае вяршынства і аўтарытэт. Гэтыя абставіны звыш наканаваным чынам спрыялі таму, што хрысціянства на Полацкай зямлі пасля канчатковага фармальнага падзелу Царквы на Заходнюю (каталіцкую) і Ўсходнюю (праваслаўную), як і ў Візантыі і Кіеве, ад 1054 года ўспрыняла назву праваслаўя.

Полацкія епіскапы бралі самы чынны ўдзел ў выкананні справаў, якія тычыліся ўсёй царкоўнай паўнаты. Так, епіскап Міна ў 1115 годзе ўдзельнічаў у перанясенні мошчаў свв. мучанікаў і страстацерпцаў Барыса і Глеба ў Кіеў. У 1147 годзе епіскап Полацкі Касма прысутнічаў на саборы ў Кіеве з нагоды пастаўлення на мітраполічую кафедру Клімента Смаляціча. У 1182 годзе пры пострыгу ігумена Васілія Наўгародскага мітрапалітам Кіеўскім Нікіфарам II ў Кіеве прысутнічаў сярод іншых епіскапаў і «Никола Полотский епископ».

Надзвычай вялікай уладаю і аўтарытэтам валодалі Полацкія епіскапы на мясцовым узроўні, у межах Полацкай зямлі. Тут у веданні епіскапа знаходзіліся не толькі царкоўныя, але і дзяржаўныя справы. Ён лічыўся найвышэйшым па сваім аўтарытэце прадстаўніком Полацкай зямлі, якая да пачатку XIII стагоддзя ўключала тэрыторыю з гарадамі: Полацк, Віцебск, Мінск, Друцк, Ізяслаў, Лагойск, Слуцк, Наваградак, Воршу, Лукомль. Епіскап як бы ўвасабляў яднаючы пачатак у існуючым тады фактычным падзеле Полацкай зямлі на ўдзельныя княствы. Часам дакументы, пад якімі стаяў подпіс епіскапа, мелі выключна палітычны характар. Напрыклад, у грамаце Полацкага епіскапа Іакава ад 1300 года «Рыжскаму… і Рыжскім…» размова ідзе аб працягу мірных зносінаў і пропуску хлеба ў Полацк. У той самай грамаце епіскап Іакаў узгадвае Вялікага князя Літоўскага Віценя (1293-1316), называючы яго «сваім сынам». Гэта таксама сведчанне на карысць высокага аўтарытэту Полацкіх епіскапаў, бо Віцень быў язычнікам, што, відавочна, не перашкаджала яму знаходзіцца ў паслушэнстве ў праваслаўнага епіскапа. У іншым выпадку епіскап Полацкі Грыгорый, зацвярджаючы гандлёвую дамову паміж Рыгай і Полацкам ў 1330 годзе, паставіў свой подпіс перад Полацкім князем Глебам.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.