Першыя стагоддзі – аўтарытэт і святасць


Па сваім аўтарытэце Полацкія епіскапы значна пераўзыходзілі епіскапаў іншых земляў Русі, якія, за выключэннем, бадай, толькі епіскапа Наўгародскага, знаходзіліся ў вялікай залежнасці ад сваіх князёў. Напэўна, вялікая палітычная значнасць Полацкага епіскапа сталася прычынаю таго, што і ў царкоўнай іерархіі ён займаў высокае становішча. Полацкі епіскап звычайна іменаваўся другім пасля Кіеўскага мітрапаліта.

У перыяд да пачатку XV стагоддзя гісторыя захавала для нас наступныя імёны Полацкіх епіскапаў: Нікіфар (кан. XI — пач. XII ст.), Міна (1115-1116), Іакаў (1120-1130), Касма (1143), Дзіянісій (1183), Нікалай (да 1218), Уладзімір (каля 1218), Аляксій (1231), Сімяон (1289), Іакаў(1300), Грыгорый (1331), Феадосій (1392-1416). Трое з Полацкіх епіскапаў гэтага перыяду за святасць свайго жыцця былі праслаўленыя Царквой і дваім з іх належыць асобны дзень святкавання памяці:

свяціцель Міна (1116) — памяць 3 ліпеня (20 чэрвеня);
свяціцель Сімяон (1289) — памяць 16 (3) лютага.

Дванаццатае стагоддзе сталася для Полацкай епархіі перыядам росквіту манашаскага жыцця. Падчас свяціцельства епіскапа Іліі, пад уплывам сваёй роднай цёткі Раманавай прыняла манашаскі пострыг 12-гадовая Еўфрасіння, у міру Прадслава, будучая прападобная Еўфрасіння. Юная манашанка была дачкой Полацкага князя Георгія і даводзілася ўнучкай Усяславу II Брачыславічу (1044-1101), які ўзвё'ў Сафійскі сабор, прапраўнучкай князю Ізяславу Уладзіміравічу і прапрапраўнучкай св. роўнаапостальнаму князю Ўладзіміру і Полацкаму князю Рагвалоду. Праз нейкі час з благаславення епіскапа Іліі манашанка Еўфрасіння пасялілася ў прыбудаванай да Сафійскага сабора келіі-галубцы. Там яна здзяйсняла малітоўны подзвіг і займалася манашаскім дзеяннем, а таксама перапісвала святыя кнігі, каб на атрыманыя грошы дапамагаць жабракам і нямоглым. Прыкладна ў 1128 годзе з благаславення ўладыкі Іліі прападобная, скіраваная ангелам Божым, перасялілася ў прыгарад Полацка — Сяльцо, якое ўваходзіла ў царкоўныя ўладанні, і дзе ўжо існавала царква Спаса і храм-усыпальніца, у якой супачывалі першыя Полацкія епіскапы. Прападобная Еўфрасіння разам з епіскапам Іліёй, са сваім родным бацькам Полацкім князем Георгіем і дзядзькам Барысам накіравалася ў Сяльцо, дзе перад грабніцамі епіскапаў дала абяцанне Богу ў тым, што заснуе ў гэтым святым месцы манастыр. У хуткім часе святая абіцель пачала папаўняцца насельніцамі. На месцы старой драўлянай царквы дойлід Іаан збудаваў новы каменны храм у імя Ўсяміласцівага Спаса, які захаваўся да нашага часу. Спаскі храм быў адбудаваны толькі за «30 сядміцаў» і ўвасабляе вяршыню
дасягненняў царкоўнага дойлідства Полацкай зямлі таго часу.

Праз пэўны час, каля 1155 года, ігумення Еўфрасіння непадалёку ад Спаскага манастыра ўзводзіць яшчэ адну царкву — Ражджаства Багародзіцы і засноўвае пры ёй мужчынскі манастыр. У галоўнай царкве манастыра была змешчана цудатворная Эфеская (Карсунская) ікона Божае Маці. Гэтая ікона па просьбе прападобнай Еўфрасінні была прывезена з Канстанцінопаля імператарам Візантыі Мануілам I (1143-1180) з благаславення Патрыярха Канстанцінопальскага Лукі Хрысаверга (1156-1169). У 1239 годзе гэтая ікона была перанесеная з Полацка ў Тарапец, у якасці благаславення адной з родных прападобнае Еўфрасінні, дачцы Полацкага князя Брачыслава, — Аляксандры, з нагоды яе вянчання ў Тарапецкай царкве з вялікім князем Аляксандрам Неўскім.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.