Першыя стагоддзі – аўтарытэт і святасць


Для Спаса-Праабражэнскай царквы ігумення Еўфрасіння замовіла таленавітаму ювеліру Лазару Богшу асаблівы ўздзвігальны крыж. У 1161 годзе майстар выканаў даручанае: зрабіў крыж, які ўяўляў сабой каўчэжак са змешчанымі ў ім каштоўнымі святынямі — часткай Дрэва Крыжа Гасподняга з кропляй Крыві Збавіцеля; часткамі камянёў Гроба Гасподняга і Гроба Божае Маці; часткамі мошчаў першамучаніка архідыякана Сцяфана і вялікамучаніка і цаліцеля Панцеляімана, крыві вялікамучаніка Дзімітрыя Салунскага. Выраблены з дрэва паўмятровы крыж, са змешчанымі ў ім святынямі быў абабіты залатымі і сярэбранымі пласцінамі і аздоблены эмалямі, каштоўнымі камянямі і пярлінамі. Ігумення Еўфрасіння змясціла крыж у Спаса-Праабражэнскай царкве, дзе ён знаходзіўся на працягу ста гадоў, покуль не быў захоплены і вывезены ў Смаленск, а затым у Маскву.

Узімку 1167 года, калі манастыры, заснаваныя ігуменняй Еўфрасінняй, дасягнулі росквіту, яна, магчыма, прадчуваючы сваю смерць, з благаславення епіскапа Полацкага Дзіянісія, выправілася ў паломніцтва ў Іерусалім да Гробу Гасподняга. Па дарозе ў Святы горад Еўфрасіння сустрэлася з Візантыйскім імператарам Мануілам, а затым у Канстанцінопалі, атрымаўшы благаславенне Патрыярха, малілася ў Святой Сафіі. Дасягнуўшы Іерусаліма, яна тройчы мела радасць пакланіцца Жываноснаму Гробу і пакінула каля яго сваю малую ахвяру — залатую кадзільніцу, набытую ў Канстанцінопалі. У хуткім часе Еўфрасіння захварэла і ангел абвесціў ёй пра набліжэнне смерці. Прычасціўшыся Святых Хрыстовых Тайнаў, прападобная Еўфрасіння «перадала душу сваю ў рукі Бога Жывога 23 мая». Цела прападобнай першапачаткова было пахавана ў манастыры Св. Феадосія ў Іерусаліме. Але пасля захопу Іерусаліма ў 1187 годзе сарацынамі, праваслаўныя манахі перанеслі святыя мошчы прападобнай у Кіеў, дзе яны супачывалі да перанясення ў Полацк ў 1910 годзе. Трэба зазначыць, што ў XIX стагоддзі існавала народнае паданне, якое сцвярджала, што манаха мелі намер адразу перанесці мошчы прападобнай на яе радзіму ў Полацк. Аднак, з-за міжусобнай княжаскай варажнечы, яны здолелі дабрацца толькі да Турава і вымушаныя быді вярнуцца назад і паставіць мошчы ў Кіеўскай Лаўры.

Цалкам магчыма, што ініцыятарам царкоўнага праслаўлення прападобнай быў сам Полацкі епіскап Дзіянісій.

Малітоўная дзейнасць і падзвіжніцкае жыццё прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай (памяць 23 мая / 5 чэрвеня) пакінулі глыбокі, невынішчальны след у гісторыі Праваслаўнай Царквы і ў фармаванні культуры беларускага народа. I не выпадкова ў жыццяпісу прападобнай, напісаным яшчэ да пераносу яе мошчаў у Кіеў у 1187 годзе, гаворыцца, што яна «як прамень сонечны прасвяціла зямлю Полацкую».

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.