Першыя стагоддзі – аўтарытэт і святасць


Царкоўны народ з благагавеннем усведамляе, што разам з прападобнай Еўфрасінняй чацвёра святых угоднікаў Божых заззяла на Полацкай зямлі за няпоўныя дзвесце гадоў. Ніводная іншая вобласць Беларусі, ніводны іншы перыяд нашай царкоўнай гісторыі не даваў такой колькасці святых. Кіруючыся словамі Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена: «гісторыя Царквы — гэта гісторыя яе святасці», можна было б з пачуццём выкананага абавязку паставіць кропку, скончыўшы аповед пра Полацкую епархію апісаннем першых трох стагоддзяў яе існавання. Аднак, па Божаму Промыслу аб лёсах Царквы Хрыстовай і яе спрыяльным зямным уладкаванні, кананічная значнасць Полацкай епархіі захавалася яшчэ на працягу сямі стагоддзяў, уключаючы і наш час. Таму наш абавязак, усведамляючы сваю нявартасць і нямогласць у разуменні Божае задумы, па меры слабых сілаў паспрабаваць аднавіць ланцужок падзеяў, якія склалі наступную гісторыю епархіі.

Падчас свяціцельства епіскапа Дзіянісія, у 1159 годзе пры царкве Багародзіцы ў Пятроў дзень было зроблена брацкае ахвяраванне на царкву ў складчыну. Так упершыню ў Полацку ўтварылася братчына — правобраз будучых царкоўных брацтваў.

Пасля блажэннага спачыну свяціцеля Дзіянісія ў 1138 годзе, Кіеўскі мітрапаліт Нікіфар II высвяціў на Полацкую кафедру Нікалая, родам грэка. Спачатку епіскап Нікалай высвячаўся на Растоўскую кафедру, аднак, з той прычыны, што Суздальскі князь Усевалад не прыняў яго, мітрапаліт даслаў уладыку Нікалая ў Полацк. Колькі гадоў кіраваў епархіяй Нікалай і хто стаў яго пераемнікам, нам невядома. Наступны Полацкі епіскап Аляксій — «Олекса Полотскій епископ» — узгадваецца ў Лаўрэнцьеўскім летапісу пад 1231 годам. Вядома, што яго хіратанізаваў мітрапаліт Кірыл II, і па запрашэнні гэтага ж мітрапаліта ён ездзіў у Кіеў для ўдзелу ў хіратоніі епіскапа для Растова, Яраслаўля і Угліча.

Пераемнікам Аляксія на Полацкай кафедры стаў свяціцель Сімяон, які паходзіў з роду князёў Полацкіх. Свяціцель Сімяон удзельнічаў у саборы ва Ўладзіміры-на-Клязьме ў 1274 годзе. Браў удзел у хіратоніі Ўладзімірскага епіскапа Серапіёна. Сімяон лічыцца заснавальнікам Свята-Нікалаеўскага манастыра за Полацкам на Лучні. У выніку распалу ў 1263 годзе міжусобнай бойкі, у якой быў забіты пляменнік свяціцеля Полацкі князь Таўцівіл, епіскап пакідае кафедральны горад і ад'язджае ў Цвер, якая тады ўваходзіла ў склад Полацкай епархіі. У хуткім часе свяціцель Сімяон робіцца першым Цвярскім епіскапам. Блажэнны яго спачын адбыўся ў 1289 годзе. Нятленныя мошчы свяціцеля супачывалі пад спудам у Цвярскім саборы.

Епіскап Грыгорый стаў бліжэйшым пераемнікам свяціцеля Сімяона пасля епіскапа Іакава, вядомага сваімі граматамі ў Рыгу. Уладыка Грыгорый быў у ліку пяці епіскапаў, якія сабраліся ў Ноўгарадзе ў 1331 годзе для ўдзелу ў пасвячэнні мітрапалітам Кіеўскім Феагностам некага Васілія ў епіскапа Наўгародскага.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.