Падзеі XIV – XVI стагоддзяў

Яшчэ ў XIII стагоддзі распачаўся працэс пераходу палітычнай і ваеннай улады ў Полацкім княстве ад нашчадкаў князя Ізяслава Ўладзіміравіча да прадстаўнікоў роду Гедымінаў. У выніку гэтага ў 1307 годзе Полацкая зямля робіцца часткаю Вялікага княства Літоўскага, — дзяржавы, якая несупынна пашырала свае межы. Толькі пры Вялікім князе Альгердзе (1341-1377) плошча яго павялічыліся ўдвая. Пры тым на 9/10 тэрыторыі дзяржавы жылі праваслаўныя. Праваслаўнымі былі і многія з Вялікіх князёу. Напрыклад, сам Альгерд ажаніўся першым шлюбам на віцебскай князёуне Марыі. Па смерці ў 1320 годзе свайго цесця князя Яраслава Васільевіча, Альгерд атрымаў у спадчыну ўсё Віцебскае княства. Падчас свайго княжання ў Віцебску, Альгерд «не шкадуючы стратаў» адбудаваў дзве каменныя царквы. Адна з іх Свята-Благавешчанская, другая – Свята-Духаўская «за замкавым ірвом».

Другой жонкай Альгерда была Юльянія, князёўна Цвярская. Падчас свайго знаходжання ў Віцебску яна заснавала пры царкве Святога Духа, збудаванай яе мужам, дзявочы манастыр, дзе незадоўга да свайго спачыну прыняла манашаства з імем Марыя. Ёсць сведчанні, што і сам Альгерд напрыканцы свайго зямнога жыцця таксама прыняў манашаскі пострыг.

У XIV-XV ст. палітычнае значэнне Полацка пачынае адыходзіць у мінулае. Пераважнае становішча займае ў гэты перыяд сталіца Вялікага княства Літоўскага Наваградак, а затым Вільня. I хоць большасць з Вялікіх Літоўскіх князёў прытрымліваліся разумнага прынцыпа «старыны не рушым, навізны не … ўводзім», яны часам не маглі ўтрымацца ад спакусы і, клапоцячыся пра дзяржаўныя інтарэсы, ахвяраваць кананічнымі правіламі Святога Праваслаўя. У далейшым, прэцэдэнты такога роду выліліся, на жаль, у практыку, калі часам чужасныя інтарэсам Царквы, а часам недабразычліва настроеныя супраць яе, дзяржаўныя дзеячы, фармальна кіруючыся інтарэсамі дзяржавы, прымушалі яе ісці згубным шляхам адступлення ад кананічных правілаў.

Пасля заснавання мітраполічай кафедры ў Наваградку змяняецца становішча Полацкіх епіскапаў. Калі раней галоўным і адзіным прадстаўніком Праваслаўнай Царквы ў дзяржаве быў Полацкі епіскап, то з часоў Вітаўта гэтае прадстаўніцтва было перакладзена на Кіеўскага (Літоўска-Наваградскага) мітрапаліта. Полацкі епіскап адышоў на другі план, стаўшы нароўні з іншымі епіскапамі, хоць і іменаваўся другім пасля мітрапаліта. У 1411 годзе Полацкая епархія атрымлівае статус архіепіскапіі, а Полацкі ўладыка робіцца архіепіскапам з тытулам «Полацкі і Віцебскі». Гэта сведчыць аб высокім духоўным аўтарытэце Полацкай епархіі, як самай старажытнай у дзяржаве. Тым не менш, у выніку ўсіх зменаў, што адбыліся за часы княжання Вітаўта (1392-1430), за епіскапам былі пакінутыя толькі яго кананічныя правы, якія маглі быць лёгка парушаны ва ўмовах існавання права патранату. Высокая грамадская і палітычная значнасць Полацкага епіскапа засталася ў мінулым.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.