Падзеі XIV – XVI стагоддзяў


Хіратонія ўжо прыгаданага Феадосія ў епіскапа Полацкага адбылася ў 1392 годзе. Пасля таго, як ён старшынстваваў на царкоўным саборы ў Наваградку ў 1406 годзе, імя яго ў дакументах больш не сустракаецца. 3 1434 года на Полацкай кафедры знаходзіўся епіскап Грыгорый. Ці быў ён непасрэдным пераемнікам Феадосія, нам не вядома. Пасля Грыгорыя на працягу 1452-1456 гг. кафедру займаў епіскап Міхаіл, пераемнікам якога стаў згаданы пад 1456 годам архіепіскап Сімяон II.

Да таго часу абраны каралём Польскім Казімір (1447-1492) падцвердзіў накладзеную раней забарону займаць праваслаўным вышэйшыя пасады ў дзяржаве, а таксама загадаў, каб у Вільні і Віцебску не будавалі новых і не рамантавалі старых храмаў. Аднак, улічваючы рэальнасць становішча, калі праваслаўнае насельніцтва заставалася ў пераважнай большасці ў Вялікім княстве Літоўскім, і, паводле словаў самога Казіміра «колькасць іх з дня ў дзень узрастае», ён у сваім прывілеі ад 1485 года адышоў ад забарончых захадаў і дараваў усім жыхарам княства роўныя правы без усялякай розніцы па веры.

У памяць аб выратаванні сваёй жонкі ад тапельства Казімір загадаў пабудаваць некалькі храмаў у імя прарока Іліі, у тым ліку ў Віцебску і Бешанковічах.

Пасля Сімяона II да кіравання Полацкай епархіяй прыступіў епіскап Каліст, былы архімандрыт Полацкіх Пятроўскага і Барыса-Глебскага манастыроў. Свяціцельства Каліста прыпала на 1458-1459 гг. Пераемнікам уладыкі Каліста стаў архіепіскап Полацкі Сімяон III. У 1481 годзе са згоды польскага караля і благаславення Патрыярха Канстанцінопальскага уладыка Сімяон быў абраны на мітраполічую кафедру ў Наваградку. Інтранізацыю новага мітрапаліта адправілі два экзарха Канстанцінопальскага Патрыярха, якія спецыяльна прыехалі ў Наваградак. Займаў мітраполічую кафедру Сімяон да самай сваёй смерці ў 1488 годзе.

У 1481 годзе на Полацкую кафедру быў высвячаны архіепіскап Іона (Глезка), які займаў яе да 1488 года, калі пасля смерці мітрапаліта Сімяона быў узведзены Патрыярхам Канстанцінопальскім Максімам ў сан мітрапаліта Кіеўскага і ў 1492 годзе зацверджаны на мітраполічай кафедры ў Наваградку. Яшчэ падчас свяціцельства архіепіскапа Іоны праваслаўныя ведалі яго, як «мужа светаго, сугубо наказанного в писаннях, могущего и иных наказовать и противящимся закону нашему сильного возбранителя». Асаблівай ласкай мітрапаліт Іона карыстаў з боку караля Казіміра. Апошні нават запавядаў мітрапаліту прысутнічаць ў час яго смерці.

У 1490 годзе Полацкую кафедру заняў архіепіскап Лука. Ён удзельнічаў у пасяджэннях Віленскага сабора 1495 года, на якім мітрапалітам Кіеўскім быў абраны Макарый, пазней пацярпелы мукі (+1497) ад татараў непадалёку ад Мазыра.

У 1503 годзе на імя архіепіскапа Лукі ад караля Аляксандра (1501-1506) быў дасланы прывілей з дадаткам Яраславава скрутку. Гэтыя дакументы падцвярджалі правы архіепіскапа адносна «хрысціянаў Грэцкага закону», а таксама змяшчалі каралеўскі загад кіравацца ў сваёй дзейнасці загадзя акрэсленымі паўнамоцтвамі.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.