Падзеі XIV – XVI стагоддзяў


Уладыка Лука, першы сярод Полацкіх архіепіскапаў успрыняў тытул «Полацкі і Віцебскі». Пазней да яго пачалі дадаваць «і Мсціслаўскі».

3 1509 да 1514 года на Полацкай архіепіскапскай кафедры знаходзіўся Яўфімій (Акушка). Ён удзельнічаў у Віленскім царкоўным саборы, скліканым па ініцыятыве мітрапаліта Іосіфа II (Солтана) (1509-1521). Сабор быў прысвечаны скасаванню царкоўных непаразуменняў, што мелі месца з-за ігнаравання «правіла святых апосталаў і запаведзяў святых айцоў нашых». Апрача ўладыкі Яўфімія ад Полацкай епархіі на саборы былі архімандрыт Міхайла-Гарадзецкага манастыра ў Полацку Антоній, а таксама ігумены Іаана-Прадцечанскага манастыра Яўфімій і Пятроўскага (у замку) Аляксій. У 1511 годзе архіепіскап Яўфімій звярнуўся да караля Сігізмунда I (1505-1548) са скаргаю на мітрапаліта Іосіфа ў сувязі з тым, што не выконваюцца пэўныя фармальнасці, у выніку чаго прыніжаецца годнасць старажытнай Полацкай кафедры і яе прадстаяцеля. Кароль адказаў на скаргу выданнем дзвюх судных граматаў, дзе загадаў мітрапаліту Іосіфу іменаваць Полацкага ўладыку архіепіскапам і даваць яму пасля сябе першае месца. Апошняя згадка пра ўладыку Яўфімія датуецца 1514 годам.

Напэўна, у тым жа годзе кіраваць епархіяй пачаў архіепіскап Іосіф. У 1523 годзе з благаславення Патрыярха Канстанцінопальскага Іерэміі ён узводзіцца ў сан мітрапаліта і напрыканцы 1523 года імянуе сябе: «Воляю Божаю Іосіф архіепіскап, мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі і ўсяе Русі». Займаючы мітраполічую кафедру, Іосіф спачыў у 1534 годзе. 3 1522 да 1534 года кіраваў Полацкай епархіяй архіепіскап Нафанаіл, якога змяніў архіепіскап Місаіл, з архімандрытаў Полацкага Свята-Іаана-Прадцечанскага манастыра. 3 1538 да 1540 года ўзначальваў епархію архіепіскап Іаакім. Заступнікам яго стаў архіепіскап Сімяон IV, які тытулаваўся «Полацкі, Віцебскі і Мсціслаўскі». У 1544 годзе полацкая шляхта і клір царкоўны падалі на архіепіскапа Сімяона скаргу ў сойм з прычыны выкарыстання ім у сваіх інтарэсах царкоўнай зямлі і маёмасці, прыціскання кліру, а таксама ўчынення іншых шматлікіх крыўдаў шляхец-тву. Сойм са згоды караля Сігізмунда выклікаў архіепіскапа Сімяона на духоўны суд да мітрапаліта Кіеўскага Макарыя (1543-1555).
Да сярэдзіны XVI стагоддзя ў кафедральным горадзе Полацку былі вядомыя 14 манастыроў:
—Свята-Нікалаеўскі на Лучні;
—Спаса-Еўфрасіннеўскі, жаночы, заснаваны прп. Еўфрасінняй, ігуменняй Полацкай;
—Ражджаства Багародзіцы, заснаваны ёю ж;
—Свята-Барыса-Глебскі;
—Пятніцкі;
—Свята-Троіцкі за Палатой (заснаваны ў 1579 годзе);
—Касма-Даміянаўскі;
—Спаса-Праабражэнскі і Запалоцкі, пры ўпадзенні Палаты ў Дзвіну;
—Свята-Георгіеўскі за горадам;
—Спаса-Увазнясенскі;
—Свята-Іаана-Прадцечанскі на востраве;
—Міхайлаўскі, Гарадзецкі за Палатой;
—Свята-Уваскрасенскі (Машанецкі), на Ніжнім замку;
—Свята-Петра-Паўлаўскі (Пятроўскі), на Верхнім замку на месцы званым Ваўкова Вежа.
У Вялікім княстве Літоўскім на той час было ўсяго 50 манастыроў. Прыкладна ў тым жа часе ў горадзе вядомыя наступныя цэрквы:
—Саборны, кафедральны храм Св. Сафіі;
—Стрэчання Хрыстова ў Замку;
—Дзве царквы Свяціцеля Нікалая ў замку, адна з якіх іменавалася «прыдворнай»;
—Свята-Увазнясенская;
—Св. Параскевы Пятніцы;
—Свята-Благавешчанская.

У юрысдыкцыю Полацкага архіепіскапа ўваходзілі таксама Свята-Нікалаеўская царква ў Рызе, куды для служэння накіроўваліся найбольш падрыхтаваныя святары з ліку клірыкаў Сафійскага кафедральнага сабору.

Значная колькасць цэркваў і манастыроў была таксама ў Віцебску і Мсціслаўлі. Першае ўзгаданне Віцебскіх манастыроў датуецца XIII стагоддзем (Маркаў, Свята-Троіцкі). Пад 1406 годам упершыню згадваецца Свята-Успенская царква. Пачынаючы з XV стагоддзя храм Успення быў адным з галоўных у горадзе. Ён быў драўляны і меў пры сабе асобны «двор яго міласці архіепіскапскі», дзе размяшчаўся Полацкі ўладыка, калі прыязджаў у Віцебск. Ад сярэдзіны XV стагоддзя межы Полацкай епархіі ахоплівалі тэрыторыю трох ваяводстваў: Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага.

Простыя людзі Полацкай зямлі ўспадкавалі ад сваіх старажытных продкаў працавітасць, адукаванасць, схільнасць да рамёстваў, адрозніваліся асаблівай адданасцю Царкве. Паводле сведчання аднаго з сучаснікаў, Паўла Аленскага, «людзі ў гэтых мясцінах ад малога да вялікага, не выключаючы жанчынаў, дзяцей і нават сіротаў, не толькі валодалі навыкамі пісьменнасці, але і ведалі паслядоўнасць царкоўных службаў, царкоўныя спевы».

Таму нядзіўным і натуральным было з'яўленне ў такім падрыхтаваным асяроддзі міранаў людзей з адметнымі здольнасцямі і жаданнем прыкласці свае здольнасці да распаўсюджання адукацыі, найперш сярод простых людзей. У гэтым сэнсе правідэнцыйным было з'яўленне менавіта ў Полацку нашага асветніка першадрукара Георгія (Францішка) Скарыны (1486-1551). 3 благаславення архіепіскапа Полацкага Іосіфа Скарына атрымаў у Кракаве бліскучую па тых часах адукацыю. Ён, як і многія іншыя людзі яго кола, бачылі ў кнігах святых не толькі багаслоўскую мудрасць, але і сродак да агульнай асветы. Таму, займаючыся іх перакладам і друкаваннем, ён прысвячаў сваю працу «людзям простым, паспалітым, на карысць і пашырэнне добрых звычаеў…»

Полацк валодаў вялікімі кніжнымі скарбамі, якія захоўваліся ў адной з найстаражытных бібліятэкаў Еўропы — бібліятэцы Сафійскага сабора. У назапашванні фондаў бібліятэкі ёсць доля ўдзелу, як мы памятаем, і прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Сам Полацк ў XVI стагоддзі ўваходзіць у лік буйных еўрапейскіх гарадоў. Насельніцтва горада перавышала 100 тыс. чалавек, што было больш чым у сталіцы Вялікага княства Літоўскага — Вільні.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.