Падзеі XIV – XVI стагоддзяў


Пад 1533 годам згаданы на полацкай кафедры «архіепіскап уладыка Полацкі, Віцебскі і Мсціслаўскі» Герман (Храбтовіч). Ён кіраваў епархіяй да свайго спачыну ў 1558 годзе. Вядомы тэкст яго граматы, паводле якой ён перадаў ігуменні Віцебскага Прачысценскага манастыра пакінутую ёй па духоўным завяшчанні мужа маёмасць. 3 граматы вынікае, што духоўнае судаводства ў той час адбывалася сумесна з удзелам народа, шляхты і духавенства, у прысутнасці і пад старшынствам архіепіскапа.

Пасля смерці архіепіскапа Германа, кароль Сігізмунд II (1548-1572) па хадайніцтве ваяводы Дзявойны і шляхты выдаў грамату на Полацкую архіепіскапію свецкаму чалавеку баярыну Глебу Іванавічу Корсаку. Гэтай жа граматай Глебу Корсаку быў перададзены і Полацкі Міхайлаўскі манастыр з правам пастаўлення ў яго архімандрытаў. Пасля атрымання каралеўскай граматы Корсак прыняў манашаскі пострыг з імем Герасіма. Архіепіскап Герасім нядбайна клапаціўся аб епархіі, аб манастырскіх землях, большую частку з якіх ён аддаў сваім родзічам Корсакам і Шчытам. Пазней пераемнікі архіепіскапа Герасіма вымушаны былі ўступаць з імі ў шматлікія цяжбы, каб вярнуць царкве гэтыя землі. Пасля смерці Герасіма (Корсака) ў 1562 годзе Полацкае і Віцебскае архіепіскапства было перададзена каралём «в доживотное держание» (пажыццёвае валоданне) некаму Грыгорыю Маркавічу Валовічу, які ў хуткім часе памёр. Ці быў ён рукапакладзены ў епіскапы, застаецца невядомым.

Згаданыя тут некананічныя спосабы пастаўлення на Полацкую епіскапскую кафедру былі досыць тыповымі для Праваслаўнай Царквы ў Вялікім княстве Літоўскім. Патранат (апека) над Царквой, які меў раней станоўчае значэнне, у выніку несумленнага і нецаркоўнага злоўжывання ім, калі людзі свецкага жыцця, не маючы ніякіх адносінаў да духоўнага звання, не гатовыя да яго, атрымлівалі па волі патронаў розныя царкоўныя, у тым ліку і мітраполічыя пасады, ператварылася ў XVI стагоддзі ў спосаб аслаблення і разбурэння царкоўнага арганізму. Вядомы гісторык Царквы праф. А.В.Карташоў пісаў адносна гэтага, што «такое скажонае патранацкае права карэнна падрывала нармальны царкоўны строй, прыніжала і разбурала духоўныя сілы кліру і міранаў».

Трэба зазначыць, што кананічныя правілы ніколі не дапускалі ўмяшальніцтва дзяржаўных асобаў у абранне епіскапаў. Гэтыя правіла неабходна строга выконваць, інакш пры парушэнні іх Праваслаўная Царква перастае быць Праваслаўнай.

На вялікі жаль, верагодна, папушчэннем Божамым, у час напярэдадні вялікіх выпрабаванняў, Царква нашая, маючы не заўсёды годных пастыраў і архіпастыраў, нягледзячы на вялікую колькасць абаронцаў праваслаўя, унутрана аслабела.

У лютым 1563 года Полацкам завалодаў у ходзе Лівонскай вайны цар Маскоўскі Іаан Грозны (1547-1584). Полацкага ваяводу Дзявойну, а таксама толькі што пастаўленага з архімандрытаў Іаана-Прадцечанскага манастыра, архіепіскапа Полацкага Арсенія (Шышку) разам з мноствам шляхты Грозны адправіў у Маскву. «А каторыя жылі ў горадзе людзі жыдове і князь вялікі загадаў іх з сем'ямі ў ваду рачную ўкінуць і патапілі іх…» Замест вывезенага архіепіскапа Арсенія Іаан Грозны паклікаў на Полацкую кафедру епіскапа Суздальскага Трыфана і адначасова пацвердзіў статус Полацкай епархіі як архіепіскапіі з кафедрай ў Сафійскім саборы.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.