Падзеі XIV – XVI стагоддзяў


Выпраўляючыся ў паход на Полацк, Іаан Грозны ўзяў з сабой крыж прападобнай Еўфрасінні. Яго называлі ў Маскве «крест Полоцкий», да 1222 года ён знаходзіўся ў Смаленску, у 1514 годзе Вялікім князем Васіліем Іванавічам (1505-1533) быў перавезены ў Маскву і перабываў там каля 50 гадоў. Перад тым як узяць крыж з сабой, Іаан Грозны яго «абнавіці загадаў ды аздобіці».

Верагодна, баючыся закляцця, напісанага на крыжы падчас яго вырабу, Грозны вырашыў пакінуць крыж у горадзе. Святыню змясцілі ў Спаскай царкве. Сам жа Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, па асобных сведчаннях, перастаў існаваць, бо насельніцы яго пры набліжэнні войскаў Іаана Грознага пакінулі абіцель.

На працягу сямнаццаці гадоў (1563-1579 гг.), пакуль Полацк знаходзіўся ў руках Іаана Грознага, Полацкая епархія была ў падпарадкаванні ў мітрапаліта Маскоўскага. Прызначаны на Полацкую кафедру Маскоўскім мітрапалітам архіепіскап атрымліваў тытул «Полацкі і Велікалукскі».

Апрача архіепіскапа Трыфана, які памёр падчас эпідэміі моравай язвы ў 1566 годзе, вядомы імёны яшчэ трох полацкіх уладыкаў, пастаўленых мітрапалітам Маскоўскім. Гэта — Афанасій, князь Палецкі (1566-1572); Антоній (1568 — да абрання яго мітрапалітам Маскоўскім у 1577 г.) і Кіпрыян (1577-1579).

У той жа час Польскія каралі працягвалі ставіць на Полацкую кафедру сваіх епіскапаў. Пасля ўзяцця ў палон Арсенія Шышкі, каралём Сігізмундам II сюды быў пастаўлены архіепіскап Варсанофій(1563-1576). Ён іменаваў сябе «уладыкам зямлі Полацкай, Віцебскай, Мсціслаўскай і Пашынскай». Пасля смерці Варсанофія ў 1576 годзе, епіскапам стаў Феафан (Багдан) Рыпінскі. У сан архіепіскапа яго ўзвёў мітрапаліт Кіеўскі Іона (1568-1577). Пазбаўленыя магчымасці знаходзіцца ў сваім кафедральным горадзе Полацку, гэтыя епіскапы жылі па чарзе ў Віцебску, Мсціслаўлі і мелі тытул «Полацкі, Віцебскі і Мсціслаўскі».

У 1579 годзе кароль Сцяфан Баторый (1576-1586) падышоў да Полацка і ўзяў яго прыступам. У ліку апошніх абаронцаў горада быў уладыка Полацкі Кіпрыян. Ён зачыніўся ў Сафійскім саборы і абвясціў, што можа быць выгнаны з храма толькі сілай. Сіла была выкарыстана, яго паланілі, «закавалі ў жалеза і пасадзілі ў турму».

Войскі Сцяфана Баторыя захапілі багатую бібліятэку Сафійскага сабора. Адзін з набліжаных Сцяфана Баторыя па прозвішчы Гейдэнштэйн пісаў у сувязі з гэтым: «Храм у замку вялізны, на выдатнай мясцовасці, цудоўна збудаваны з каменя. Ён належыць шматлікім паслядоўнікам грэцкага абраду, якія са старажытных часоў валодалі ім… Знойдзеная там бібліятэка мела ў вачах навукоўцаў такі ж кошт, як і іншая здабыча. Там, апрача летапісаў, аказалася мноства твораў вучоных айцоў грэцкай Царквы, між іншым і Дзіянісія Арэапагіта аб Нябеснай і царкоўнай іерархіі — усё па-славянску. Паводле іх летапісаў, многія з гэтых кнігаў перакладзены з грэцкай на славянскую свв. Мяфодзіем і Канстанцінам» (цыт.: А.Сапунов, Полоцкнй Софнйскнй собор. Внтебск, 1888, с. 11-12). Бібліятэчныя фонды былі канфіскаваныя і расфармаваныя па розных месцах.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.