Падзеі XIV – XVI стагоддзяў


Завалодаўшы Сафійскім саборам, Сцяфан Баторый паклапаціўся аб умацаванні тут пазіцыяў каталіцкай царквы. 3 гэтай мэтай у 1582 годзе ён выдае прывілей, паводле якога ўсе Полацкія праваслаўныя манастыры і цэрквы разам з усёй маёмасцю перадаюцца ордэну іезуітаў. За праваслаўнымі быў пакінуты толькі кафедральны Сафійскі сабор. Незадоўга да гэтага кароль, выклікаўшы ў Полацк іезуітаў, даў ім магчымасць будаваць свой касцёл і заснаваць свой калегіум для выхавання юнацтва і распаўсюджання каталіцкай веры сярод «схізматыкаў». Праваслаўных жа на той час у Полацку была абсалютная большасць. Па словах сябры ордэна іезуітаў Растоўскага: «па ўсёй Полацкай вобласці (у канцы XVI ст налічвалася не больш 10 дваранаў, якія вызнавалі б каталіцкія догматы; у самім жа горадзе іх было і таго меней (цыт.: А.Сапунов, Исторические судьбы Полоцкой епархіі… с. 53)У іншых буйных гарадах, у межах епархіі, — Віцебску, Мсціслаўлі, Воршы, касцёлаў не было да пачатку XVII стагоддзя. Такім чынам, выдаючы свой прывілей, Сцяфан Баторый парушаў не толькі векавыя правы Полацкіх архіепіскапаў на цэрквы і іх уладанні, але і непрыхавана папіраў інтарэсы пераважнай большасці жыхароў Полацкай зямлі.

Між тым, пасля смерці ў 1588 годзе архіепіскапа Феафана (Рыпінскага), на Полацкую кафедру пастаўляецца Афанасій (Цярлецкі), які да таго часу быў архімандрытам Ляшчынскага манастыра. Ён даводзіўся родным дзядзькам вядомаму дзеячу уніі Кірылу Цярлецкаму. Высвяціў Афанасія ў сан архіепіскапа мітрапаліт Анісіфар (Дзявочка) ў верасні 1588 года. Сам мітрапаліт быў высвечаны ў архіерэйскі сан, будучы міранінам і дваяжонцам.

Пасля смерці архіепіскапа Афанасія кароль выдаў у лютым 1592 года прывілей ротмістру Богушу (Багдану) Сяліцкаму і прызначыў яго Полацкім архіепіскапам за ваенныя заслугі. Пасля гэтага Багдан прыняў манашаскі пострыг і імя Нафанаіл. Спачыў ён у 1595 годзе.

У маі 1595 года, па прапанове Кіеўскага мітрапаліта Міхаіла Рагозы і епіскапа Луцкага Кірыла Цярлецкага, кароль Сігізмунд яшчэ пры жыцці Нафанаіла сваім прывілеем прызначае пераемнікам яго і каад'ютарам Полацкай епархіі протанатарыя Кіеўскай мітраполіі Германа (Загорскага). У тым самым годзе пасля смерці Нафанаіла, па хадайніцтву мітрапаліта Міхаіла (Рагозы), Луцкага епіскапа Кірыла (Цярлецкага) і епіскапа Берасцейскага Іпація (Пацея), Герман узводзіцца ў сан архіепіскапа Полацкага, аб чым выдаецца каралеўскі прывілей. Улічваючы, што ў склад хадайнікаў увайшлі актыўныя арганізатары уніі, цалкам верагодна, што ўмоваю пастаўлення Германа Загорскага на Полацкую кафедру была яго згода падтрымаць тайную змову уніі. Практычныя крокі па падпісанні уніі былі зробленыя ў 1591 годзе, калі на саборы епіскапаў у Бярэсці быў складзены акт аб гатоўнасці падпарадкавацца Папе Рымскаму. Гэты дакумент падпісалі епіскап Луцкі Кірыл (Цярлецкі), епіскап Львоўскі Гедэон (Балабан), епіскап Пінскі Ляонцій (Пяльчыцкі) і епіскап Холмскі Дзіянісій (Збаруйскі).

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.