Пад уніяй

Пасля ўвядзення уніі вернымі праваслаўю засталіся толькі дзве з васьмі епархіяў на чале з епіскапам Львоўскім Гедэонам (Балабанам) і епіскапам Перамышльскім Міхаілам (Капысценскім). Астатнія шэсць епархіяў, у тым ліку і мітраполічая, лічыліся уніяцкімі.

На месцы праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі была заснавана уніяцкая мітраполічая кафедра, прадстаяцелі якой мелі тытул «Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі». Першымі мітрапалітамі пасля смерці Міхаіла (Рагозы) ў 1599 годзе тут былі Іпацій (Пацей) (1599-1613) і Іосіф (Вельямін-Руцкі) (1613-1637). У мітраполію ўваходзілі наступныя епархіі: мітраполічая, Берасцейска-Уладзімірская, Полацкая, Луцкая, Холмская, Пінская, ад пачатку XVIII стагоддзя – Львоўская і Перамышльская, а з 1626 года — Смаленская.

Межы Полацкай уніяцкай епархіі ахоплівалі тэрыторыю Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага ваяводстваў. Да 1644 года ў ёй налічвалася да тысячы цэркваў. Полацкія уніяцкія епіскапы іменаваліся архіепіскапамі Полацкімі, епіскапамі Віцебскімі, Мсціслаўскімі, Аршанскімі, Магілёўскімі і ўсяе Беларусі. Пасля вяртання з Берасцейскага сабора архіепіскап Полацкі Герман (Загорскі) паству сваю да пераходу ў унію прымушаць не стаў. Больш таго, калі яму нагадалі аб тым, што ён сам прыняў унію, ён прылюдна шкадаваў пра гэта. Па словах Мялеція (Сматрыцкага), архіепіскап Герман «знаходзіўся ў уніі толькі сваім ценем». Пасля смерці Германа ў 1600 годзе, яго пераемнік Гедэон (Бральніцкі) (1600-1618), з архімандрытаў Лаўрышаўскага манастыра, хоць і прыняў унію сам, але прымусам да яе не займаўся. Аднойчы ён нават прызнаўся, што «унія яму амярзела». Вядома таксама, што пры ім храмы працягвалі асвячаць «па старажытным звычаі царквы ўсходняй».

Стан змяніўся з таго часу, калі ў 1617 годзе па хадайніцтву мітрапаліта Іосіфа (Руцкага) да Гедэона (Бральніцкага) каралём быў прызначаны намеснік ў асобе Іасафата (Кунцэвіча), вядомага як яры, да фанатызму, насаджальнік уніі.

Пасля смерці архіепіскапа Гедэона (Бральніцкага), Іасафат (Кунцэвіч) зрабіўся Полацкім архіепіскапам і атрымаў каралеўскі прывілей на падпарадкаванне сабе ўсіх праваслаўных цэркваў у межах епархіі. Ён пачаў раз'язджаць па епархіі і любымі магчымымі сродкамі, з ужываннем сілы і пагромамі, насаджаў унію. Сваімі жорсткімі ганеннямі на праваслаўных Іасафат атрымаў у епархіі шырокую вядомасць. У многіх гарадах яму выказвалі супраціўленне.

Ігумен Арэст у сваіх «Записках» паведамляе нам аб тым, як жыхары Магілёва сустракалі гэтага уніяцкага архіепіскапа: «… у 1618 годзе, падчас наведвання сваіх уніяцкіх цэркваў паехаў (Іасафат) у Магілёў, і калі таго ж года кастрычніка 9 дня пачаў пад Магілёў пад'язджаць, то Магілёускія грамадзяне, даведаўшыся аб прыездзе Іасафатавым, зазванілі ў вечавы на ратушы звон трывогу і ўчынілі бунт, пазачынялі гарадскую браму і на валах вакол горада і вежах паставілі народ са зброяй. Магістрацкія чыноўнікі, бургамістры, ратманы, лаўнікі і ўсе мяшчане ў вялікім мностве з рознаю зброяй і з цэхавымі харугвамі, нібы супраць ворага ўзброіўшыся, натоўпам выйшлі з горада супраць Іасафата і з моцным крыкам сварыліся на яго абразлівымі словамі і пракліналі, пагражаючы забойствам, забаранілі яму заязджаць ў Магілёу, называючы яго адступнікам Праваслаўнай Веры і архізлодзеем, збіраліся страляць у яго і забіць» (Записки игумена Ореста. Приложенне к археографическому сборнику документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Вильно, 1867, с.9).

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.