Трываласць праваслаўнай веры

Як вядома, у выніку Андрускага перамір'я 1667 года Полацк быў вернуты Рэчы Паспалітай і праваслаўная кафедра тут перастала існаваць.

У хуткім часе пасля адыходу Маскоўскіх войскаў з Полацку, паводле прадпісання караля Яна Казіміра (1674-1696), быў звернуты ва уніяцтва Богаяўленскі манастыр. Той самы Ян Казімір выдаў уніяцкаму мітрапаліту Календзе прывілей, па якім апошні атрымліваў права на свой погляд запаўняць вакансіі, што ўтварыліся ў праваслаўнай царкоўнай іерархіі.

Старажытная Полацкая зямля, якая прыцягвала асаблівую ўвагу ўрада і рыма-каталіцкага свяшчэннаўладдзя, паступова ператварылася ў апору рыма-каталіцтва. У Полацку ордэн Іезуітаў меў свой калегіум, у горадзе за параўнальна кароткі тэрмін былі ўзведзеныя каменныя, велічныя будынкі іезуіцкага, дамініканскага, францысканскага і бернардзінскага манастыроў. Практычна наноў адбудаваны архіепіскапам Фларыянам (Грабніцкім) на старым месцы Сафійскі сабор, асвячоны уніятамі ў 1750 годзе ў гонар сашэсця Святога Духу. Сабор стаў галоўным храмам базыліянскага манастыра. Апрача Полацкага базыліянскага манастыра ў Полацкім і Віцебскім ваяводствах налічвалася да 11 манастыроў гэтага ордэна.

У Полацку на працягу 243 гадоў знаходзілася кафедра уніяцкіх епіскапаў, якая, як і ў часы праваслаўя, мела статус архіепіскапіі. Часта Полацкія архіепіскапы пастаўляліся на мітраполічую кафедру, першапачатковае месца знаходжання якой было ў Кіеве. 3 15 уніяцкіх архіепіскапаў, што займалі Полацкую кафедру з 1596 да 1839 года, пяцёра ўзводзіліся ў сан мітрапалітаў.

Тым не менш, як сведчаць шматлікія факты, праайцоўская праваслаўная вера заставалася жывой у душы простага народа, нягледзячы на забарону мець царкоўную іерархію, і пры кожным зручным выпадку яе імкнуліся засведчыць і вызнаць.

Архіепіскап Полацкі Фларыян (Грабніцкі), атрымаўшы ўсе неабходныя для гэтага паўнамоцтвы ад ураду, за дзесяць гадоў здолеў звярнуць у унію толькі дваццаць цэркваў. Віцебскі ваявода, звяртаючыся ў 1721 годзе да віцебскіх мецэнатаў, дакарае іх: «Вы з відавочнай пагардаю да св. Уніі, прыкрываючыся адным толькі імем уніятаў, ходзіце ва уніяцкія цэрквы толькі для паругання хвалы Божае, а ў гадавыя святы і нядзельныя дні для споведзі і прычасця наведваеце Маркаў благачасцівы манастыр, дзе адпраўляеце свае схізматычныя абрады, і іншых людзей, праўдзівых уніятаў, падгаворваеце і прыхіляеце да дызуніі, спакушаючы гэтых надзейных і сапраўдных уніятаў сваім прыкладам» (Цыт.: А.А.Сапунов. исторические судьбы Полоцкой епархии, с. 108-109).

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.