Трываласць праваслаўнай веры


Са скаргі уніяцкага мітрапаліта Кіпрыяна (Жахоўскага) відаць, што да 1682 года ў Полацку налічвалася некалькі тысячаў праваслаўных, злучаных паміж сабою «адзінаю агульнаю радаю, узаемнаю дапамогаю, аднадумствам і прысягаю». Калі прадстаўнікі уніяцкага архіепіскапа Кіпрыяна (Жахоўскага) ў 1683 годзе забаранялі полацкім праваслаўным узводзіць замест згарэлай царквы Богаяўленскага манастыра маленькую каплічку, называючы яе «псарняй», гэта выклікала абурэнне некалькіх тысячаў гараджанаў. Пры гэтым выказваліся пагрозы выкінуць цела Іасафата Кунцэвіча з Сафійскага сабора.

Аб сур'ёзнасці ўплыву праваслаўных сведчыць таксама і ліст жыхароў полацкага ваяводства, рыма-католікаў па веравызнанні, накіраванае ў 1724 годзе папе Бенедыкту XIII. У лісце гаворыцца, што «немалаколькасныя схізматыкі ў Беларусі пераследуюць рускіх уніятаў адмысловымі абразамі; яны грэбуюць св. Уніяй і глядзяць на яе з пагардай». Справа даходзіла нават да таго, што падчас выбараў чыноў Полацкага магістрата ў 1726 годзе ўтварыліся як бы дзве партыі — праваслаўная і неправаслаўная, прычым апошняя была ў меншасці.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай праваслаўная частка Полацкага ваяводства 28 мая 1772 года была далучаная да Расіі і са статусам правінцыі ўключаная ў склад Пскоўскай губерніі (Леваўзбярэжная частка з гарадамі Лепель, Ушачы, Чашнікі і інш. засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай да 1793 года). У склад Пскоўскай губерніі былі ўключаныя таксама Віцебская і Дзінабургская правінцыі. Паводле ўказу імператрыцы Екацярыны II ад 14 снежня 1772 года Віцебская, Полацкая і Дзінабургская правінцыі былі улучаны ў Пскоўскую праваслаўную епархію. А правінцыі Магілёуская, Аршанская, Мсціслаўская і Рагачоўская ўтваралі Магілёускую епархію.

У жніўні 1776 года з Беларускіх правінцыяў, увайшоўшых у склад Пскоўскай губерніі, была ўтворана Полацкая губернія з цэнтрам у Полацку. У 1795 годзе Полацкая губернія была ўлучаная ў Магілёўскую епархію. У 1796 годзе Полацкая і Магілёўская губерніі былі злучаныя ў адну — Беларускую з цэнтрам у Віцебску. Полацк у выніку апынуўся ў становішчы ўезднага горада. Вялікая колькасць жыхароў горада перасялілася ў Віцебск, што спрыяла яго ўзвышэнню.

У 1802 годзе адбыўся падзел Беларускай губерніі на Магілёўскую і Віцебскую. Віцебская губернія праіснавала да 1924 года. Першапачаткова яна налічвала 12 уездаў: Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі (суч. Рэзэкне, Латвія), Себежскі, Дрысенскі, Дзінабургскі (суч. Даугаўпілс, Латвія), Лепельскі, Суражскі (скасаваны ў 1866 годзе).

У хуткім часе пасля далучэння беларускіх земляў да Расіі па ініцыятыве імператрыцы Екацярыны II (1762-1796) былі зроблены захады па дабравольным вяртанні уніятаў у праваслаўе.

Па асобных звестках да 1795 года ў Полацкай і Магілёўскай губерніях у праваслаўе вярнулася каля 110 тыс. чалавек.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.