Трываласць праваслаўнай веры


Адначасова былі накладзены абмежаванні на дзейнасць уніяцкага свяшчэннаўладдзя. У 1795 годзе скасоўваецца разам з Менскай і Віленскай Полацкая уніяцкая епархія. Аднак, з узыходам на прастол імператара Паўла I (1796-1801) далучэнне уніятаў да праваслаўя прыпынілася і пачаўся адваротны працэс — пераход іх ва ўлонне рыма-каталіцкай царквы. 3 216 прыходаў у Віцебскай губерніі на працягу 1802-1803 гг. перайшло ў каталіцтва 85. У адным толькі Дрысенскім уездзе з 18 прыходаў засталося ў уніі толькі 2. Адначасова пры падтрымцы урада ў Санкт-Пецярбургу былі адноўлены асобныя уніяцкія епіскапскія кафедры.

Аднак агульны стан уніяцкай царквы быў ужо моцна паслаблены. У 1810 годзе ў Полацкай уніяцкай епархіі, якая ахоплівала межы Віцебскай і Магілёўскай губерніяў, налічвалася 600589 прыхаджанаў. Да 1821 года іх колькасць зменшылася на 162 тысячы. Прыходскіх цэркваў епархіі налічвалася 481, у тым ліку ў Віцебскай губерніі — 216; у Магілёўскай — 244. Пры манастырах дзейнічаў 21 прыход.

Да 1827 года колькасць капліцаў значна павялічылася, дасягнуўшы 377. Асобныя прыходы мелі да шасці прыпісных капліцаў. Капліцы часта асвячалі з мэтаю замацавання уніі, каб засведчыць, што яна мае шырокае распаўсюджанне. Колькасць прыхаджанаў ў прыходах складала пераважна 500-1000 чалавек. Храмы былі ў асноўным драўляныя. Каменныя будаваліся толькі ў гарадах. Святароў у Віцебскай губерніі ў 1810 годзе налічвалася 258, а ўсяго царкоўнаслужачых — 456. Дыяканы былі толькі пры кафедральных саборах. Колькасць манастыроў у губерніі хоць і дасягала дзесяці, але яны былі зусім нешматлікія. Ва ўсіх манастырах губерніі падвізалася 62 манахі і 30 манахіняў. У Сафійскім базыліянскім манастыры было 17 манахаў і 4 клірыкі. У 30-х гг. XIX стагоддзя царкоўная каса была пустая. Сродкаў не хапала нават на тое, каб падтрымаць архіерэйскі дом у Струне каля Полацка. Уніяцкі архіепіскап Іраклій (Лісоўскі) вымушаны быў з гэтай прычыны жыць разам з кансісторыяй у Ануфрыеўскім манастыры Чэрыкаўскага павета.

Унутры самой уніяцкай царквы пачаліся нязгоды і разнадумствы. Імкнучыся захаваць вакол царквы народ, асобныя уніяцкія епіскапы пачалі аднаўляць чысціню старажытных звычаяў і пазбаўляцца ад новаўвядзенняў XVII-га і асабліва XVIII-га стагоддзяў. Трэба зазначыць, што ў Полацкай епархіі першапачатковая ідэя уніі была найбольш скажонай. У выніку гэтага уніяты знаходзіліся значна бліжэй да католікаў, чым да праваслаўных. Часам і службы адпраўляліся па чарзе ў адным храме. У многіх месцах моваю богаслужэння і пропаведзі стала польская. Службы па-польску да 1834 года правіліся і ў Сафійскім саборы.

Іканастасы адсутнічалі, прастол стаяў каля сцяны. Колькасць прастолаў дасягала 5-6. Дыскас і даразахавальніцу замянілі каталіцкія цымборыя і манстрацыя. Багатыя цэрквы імкнуліся паставіць арганы. Падчас хрэсных ходаў выкарыстоўвалі бубны, падчас службы — званкі. Да 1834 года службы адпраўляліся па імшалках Супрасльскага друку. Пры гэтым так званая «шаптаная» імша адпраўлялася да 1837 года нават у кафедральным саборы. I амаль ніколі не правіліся саборныя Божыя літургіі. Таму прыхільнік усходняга богаслужбовага чыну, тады яшчэ уніят, архіепіскап Васілій (Лужынскі) вымушаны быў хадзіць у праваслаўную царкву.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.