Трываласць праваслаўнай веры


У самім Полацку было толькі два прыходы Свята-Нікалаеўскага кафедральнага сабора, Свята-Пакроўскай царквы і беспрыходная старажытная Спаса-Праабражэнская царква. У Віцебску налічвалася чатыры царквы: Свята-Благавешчанская, Свята-Успенскі сабор, Свята-Нікалаеўская драўляная царква вайсковага ведамства і турэмная царква. Большасць цэркваў знаходзілася на ўскрайках Віцебскай губерніі, на ўзмежы з Пскоўскай і Смаленскай губерніямі. Адлегласць да іх ад Полацка складала 100 вёрст і болей. Таму епіскап Смарагад заўсёды быў у дарозе. Нават казалі, што кансісторыя ў яго паходная.

3-за адсутнасці ў Полацку належнага памяшкання для архіерэйскага дома, праасвяшчэнны Смарагд размясціўся ў настаяцельскіх пакоях Свята-Богаяўленскага манастыра. На другі дзень пасля свайго прыезду ў Полацк 9 ліпеня 1833 года епіскап Смарагд заснаваў кансісторыю. У склад яе ўвайшлі архімандрыт Свята-Богаяўленскага манастыра Паісій, архімандрыт Свята-Троіцкага (Маркавага) манастыра Павел і протаіерэй Віцебскага Свята-Успенскага сабора Яўфімій Рэмізаў. Кансісторыя разам з архівам была размешчана ў чатырох пакоях былога францішканскага манастыра. Сакратаром кансісторыі быў прызначаны Павел Аляксеевіч Крылоў з Наўгародскай епархіі.

Рызніцай і іншымі богаслужбовымі прыладамі епархія была шчодра адорана ахвярадаўцамі з Курскай, Санкт-Пецярбургскай і асабліва Яраслаўскай епархіяў.

Адчувальным быў вялікі недахоп царкоўнаслужачых. Нават ў склад світы праасвяшчэннага Смарагда ўваходзілі 3 дыякана і 12 пеўчых, якія прыехалі з Магілёўскай, Смаленскай і Пскоўскай епархіяў.

У 1834 годзе для забеспячэння ўтрымання архіерэйскага дома епархіі быў перададзены маёнтак Спас-Юр'евічы з зямлёй, сялянамі і пабудовамі пры Спаса-Праабражэнскай царкве, што належалі раней манастыру ордэна іезуітаў. Такім чынам пад юрысдыкцыю Полацкай епархіі зноў увайшлі тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

Праасвяшчэнны Смарагд быў прыхільнікам прыватнага далучэння уніятяў, а агульнае, саборнае аб'яднанне лічыў магчымым толькі ў далёкай будучыні. Ён імкнуўся далучаць асобныя прыходы, асабліва тыя, што знаходзіліся ў казённых маёнтках праваслаўных памешчыкаў. Задача складалася толькі з таго, каб «перацягнуць» святара. У тых выпадках, калі апошні не згаджаўся, «перацягвалі» прыхаджанаў. Тады ішлі на розныя абяцанні (нават абяцанне вызваліць сялянаў), пачастункі гарэлкай, а часам і выкарыстанне сілы, што выклікала хваляванні сярод прыхаджанаў. Праасвяшчэнны Смарагд, які быў родам з унутраных губерніяў Расіі, быў перакананы, што пераходу ў праваслаўе перашкаджаюць католікі-памешчыкі. Ён лічыў, што сам народ цалкам схільны да праваслаўя. За 4 гады знаходжання на кафедры Смарагд вярнуў у праваслаўе 94 прыходы.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.