Полацкія архіерэі у 19-м і на пачатку 20-га стагоддзя


Пасля гэтага ў лістападзе 1909 года выйшаў указ свяцейшага Сінода, паводле якога епіскапу Полацкаму і Віцебскаму Серафіму даручалася распрацаваць увесь цырыманіял перанясення мошчаў з Кіева ў Полацк.

Перанос мошчаў пачаўся 22 красавіка 1910 года ў Кіеве і завяршыўся 23 мая (ст.ст.) у Полацку. Першая, самая працяглая, частка шляху з Кіева да Воршы была пераадолена вадзяным шляхам па Дняпры на параходзе «Галавачоў», які плыў у суправаджэнні флаціліі іншых судоў. 3 Воршы мошчы ўрачыста, з хрэсным ходам былі перанесеныя па сушы ў Віцебск, а ўжо адтуль, у суправаджэнні дзесяткаў тысячаў вернікаў, хрэсным ходам перанесеныя ў Полацк. На ўсім шляху перанясення ад мошчаў прападобнай адбываліся цудоўныя ацаленні. У хрэсным ходзе да Спаса-Праабражэнскай царквы, куды былі пастаўлены нятленныя мошчы прападобнай Еўфрасінні ў дзень святкавання яе памяці 23 мая (ст.ст.), бралі ўдзел вялікая княгіня Елізавета Фёдараўна, якая пазней прыняла мучаніцкую смерць і далучана да ліку святых, вялікі князь Канстанцін Канстанцінавіч, які прадстаўляў самога імператара Мікалая II і каралева Грэцыі Вольга.

У 1910 годзе было вырашана грабніцу з святымі мошчамі, якая ўяўляла сабой каштоўную сярэбраную раку вагой у 40 пудоў, пераносіць штогод са старажытнага Спаскага храма ў Свята-Крыжа-Уздзвіжанскі сабор спецыяльным чынам 22 мая і назад у Спаскую царкву 22 кастрычніка. Пасля таго як Полацкая абіцель атрымала ўвесь нятленны склад прападобнай, было вырашана палец яе правай рукі, які знаходзіўся ў манастыры 40 гадоў, перанесці ў Віцебскі Свята-Нікалаеўскі сабор «ва ўспамін аб перабыванні мошчаў прападобнай у Віцебску з 8 да 15 мая 1910 года». Урачысты перанос часціцы мошчаў прападобнай ў Віцебск адбыўся 6-11 чэрвеня 1911 года. Падчас епіскапства ўладыкі Серафіма, які быў узведзены ў сан архіепіскапа, Віцебск наведаў а. Іаан Сергіеў (св. Іаан Кранштадтскі). На Светлым тыдні 7 красавіка 1906 года ён адправіў Божую літургію ў Свята-Успенскім саборы і звярнуўся да вернікаў з пастырскім словам.

Св. Іаана Кранштадтскага з Полацкай епархіяй звязвала і тое, што пачынаючы з 1895 года, ён з'яўляўся ганаровым членам Віцебскага епархіяльнага брацтва ў імя св. роўнаап. Уладзіміра.

Пры ўладыку Серафіме двойчы мяняліся настаяцельніцы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. У 1905 годзе ігумення Еўфрасіння, пераемніца ігуменні Яўгеніі, была перамешчаная на настаяцельскі послух у Вярбілаўскі манастыр. Настаяцельніца ж Вярбілаўскага манастыра Іларыёна пастаўлена на чале Спаса-Еўфрасіннеўскай абіцелі. У снежні 1910 года Указам Свяцейшага Сінода, без вызначэння прычыны ігумення Іларыёна звальняецца ад абавязкаў настаяцельніцы. Новай настаяцельніцай манастыра за­цвярджаецца з 26 жніўня 1911 года манахіня Ангеліна. У 1909 годза ў манастыры было 160 інакіняў.
Пры ўладыку Серафіме для навучэнцаў Свята-Еўфрасіннеўскай жаночай духоўнай вучэльні пры Полацкай абіцелі быў узведзены новы будынак. У верасні 1910 года асвячаецца ў гонар Святой Троіцы дамавая царква ў новым будынку вучэльні.

У ліпені 1911 года архіепіскап Полацкі і Віцебскі Серафім перамяшчаецца на Іркуцкую кафедру і атрымлівае тытул «Іркуцкі і Верхнеленскі». Перш чым пакінуць Полацкую епархію ён 17 жніўня 1911 года прыехаў у Полацк, каб адправіць літургію каля мошчаў прападобнай Еўфрасінні.

У канцы жніўня 1911 года для кіравання Полацкай епархіяй прыбыў у Віцебск епіскап Нікадзім (Богаў), які да гэтага займаў Разанскую кафедру. Свяціцельства епіскапа Нікадзіма на Полацкай кафедры працягвалася да сакавіка 1913 года, калі ён быў перамешчаны ў Астрахань, дзе і спачыў у 1914 годзе.

Пераемнікам епіскапа Нікадзіма на Полацкай кафедры стаў епіскап Уладзімір (Пуцята), які паходзіў са старажытнага смаленскага роду. Пасля епіскапскай хіратоніі ў 1907 годзе ён быў тытулаваны епіскапам Кранштадтскім, вікарным Санкт-Пецярбургскай епархіі з ускладаннем на яго абавязкаў кіравання ўсімі царкоўнымі справамі ў Заходняй Еўропе. Месцам яго жыцця быў вызначаны Рым.

Полацкую кафедру ўладыка Уладзімір заняў у сакавіку 1913 года. Па яго хадайніцтве ў Полацкай епархіі было ўсталявана вікарыяцтва. У чэрвені 1913 года ў Віцебску адбылася хіратонія архімандрыта Свята-Троіцкага манастыра Панцеляімана (Ражноўскага) у епіскапа Дзвінскага, вікарнага Полацкай епархіі. Гэта была першая епіскапская хіратонія ў Віцебску. Месцам знаходжання вікарнага епіскапа быў вызначаны Полацкі Богаяўленскі манастыр. Хутка ўладыка Уладзімір ад'ехаў у камандзіроўку ў Рым, пакінуўшы апякунства над епархіяй на епіскапа Дзвінскага Панцеляімана.

У 1913 годзе для пераносу мошчаў прападобнай Еўфрасінні з Свята-Крыжа-Уздзвіжанскага сабора ў Спаскую царкву быў вызначаны адзіны дзень, — гэта «першы нядзельны дзень пасля свята Пакрову Божае Маці». Першы такі перанос мошчаў зрабіў 6 кастрычніка 1913 года праасвяшчэнны Панцеляіман.

У снежні 1913 года настаяцельніца Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра манахіня Ангеліна была звольнена па яе прашэнні з прычыны слабага здароўя. На пасаду настаяцельніцы прызначана манахіня Елена (Волкава).

У чэрвені 1914 года епіскап Уладзімір пераводзіцца на Данскую кафедру. Тады ж, у чэрвені 1914 года, на Полацкую кафедру быў пастаўлены епіскап Інакенцій (Ястрабаў), які раней быў першым вікарным Кіеўскай епархіі і рэктарам Кіеўскай духоўнай акадэміі. Прыбыў ён у Полацк 29 ліпеня і заставаўся на Полацкай кафедры толькі шэсць месяцаў. Аднак ён паспеў узяць удзел у значнай падзеі — уладыка Інакенцій адправіў 19 кастрычніка 1914 года чын асвячэння новазбудаванай Свята-Пакроўскай царквы ў Полацку. Храм гэты, які згарэў у 1900 годзе, быў наноў адбудаваны дзякуючы надзвычайным намаганням яго настаяцеля святара Іаана Емельяновіча, які не дажыў да моманту асвячэння храма і спачыў у лістападзе 1913 года.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.