Полацкія архіерэі у 19-м і на пачатку 20-га стагоддзя


Паводле дадзеных царкоўнай статыстыкі, напярэдадні першай сусветнай вайны ў Полацкай епархіі налічвалася 310 царкоўных прыходаў, 546 цэркваў, уключаючы прыходскія, дамавыя, прыпісныя, прымогілкавыя, і 235 капліцаў. Духавенства налічвалася 636 чалавек, з іх 359 — святары. Усяго ў межах епархіі жыло 872 тыс. 384 чалавекі праваслаўных. Большасць прыходаў епархіі складалася з вялікай колькасці вёсак (20-55), якія адносіліся да адной царквы і знаходзіліся ад яе на адлегласці 6-15 вёрст. У 1914 годзе ў епархіі дзейнічала 422 царкоўна-прыходскія школы, у якіх навучаліся 11.222 хлопчыкі і 8.062 дзяўчынкі. 3 419 закона-настаўнікаў 345 былі святары. Фінансаванне дзейнасці царкоўна-прыходскіх школаў здзяйснялася за кошт епархіі (90 тыс. 983 руб.) і за кошт Сінода (202 тыс. 100 руб.). Пры цэрквах дзейнічала 297 бібліятэкаў (Цыт.: Полный православный богословский энциклопедический словарь. Спб., 1912, с. 1836-1837).

У студзені 1915 года ўладыка Інакенцій быў прызначаны Старшынёй місіянерскага камітэта пры Святым Сінодзе і настаяцелем стаўрапігіяльнага Данскога манастыра і ў сувязі з гэтым адкліканы з Полацкай кафедры. Ужо 9 лютага 1915 года ў Віцебск прыбыў новы Полацкі епіскап, праасвяшчэнны Кірыён (Садзэгелі).

Неспрыяльнае ваеннае становішча на фронце ў 1915 годзе паставіла Полацк ва ўмовы прыфрантавога горада. Улетку 1915 года была абвешчана эвакуацыя ў Дзвінскім, Полацкім, Лепельскім і Дрысенскім уездах. Святы Сінод парэкамендаваў духавенству падчас эвакуацыі заставацца на месцах разам з паствай. Для каардынавання работ па эвакуацыі царкоўнай маёмасці быў створаны Полацкі епархіяльны эвакуацыйны камітэт.

У сувязі з горычнымі падзеямі 1917 года, якія адбіліся і на царкоўным асяроддзі, уладыка Панцеляіман выступіў у царкоўным перыядычным выданні «Полоцкие епархиальные ведомости» з артыкулам пад красамоўным назовам «Замена Божай благадаці падлікам галасоў». Вось невялікі фрагмент гэтага прасякнутага трагізмам артыкула: «Ніколі яшчэ расійская Праваслаўная Царква не перажывала большага разладу і адыходу ад яе самых істотных і святых задачаў, як цяпер. Бязвер'е і разбэшчанасць амаль бесперашкодна разбураюць царкоўнае жыццё. Паўсюль слабасць характараў і не толькі абсалютная няздольнасць да якога-небудзь подзвігу для ўзняцця рэлігійнага настрою, але і адмаўленне самой неабходнасці такога подзвігу. У свядомасці масы людзей царкоўныя таінствы перасталі быць святымі, а ўяўляюцца як адна толькі знешняя форма рэлігійнага праяўлення, якая не мае вялікага значэння. Не дзіўна, што пры такім настроі дастаткова самай нязначнай прапаганды, каб выклікаць нянавісць міранаў супраць духавенства і нават варожасць клірыкаў супраць сваіх епіскапаў» (ПЕВ, 1917, №28).

3 1 жніўня епіскап Полацкі і Віцебскі Кірыён, знясілены канфліктамі, пакідае сваю кафедру. Афіцыйна было абвешчана, што ён адыходзіць на адпачынак. Аднак, у хуткім часе ён з'яўляецца на Тбіліскай кафедры ў якасці Каталікоса усяе Грузіі, г.зн. главы праваслаўнай царквы Грузіі, якая абвясціла сваю аўтакефалію. Кіраванне Полацкай епархіяй засталося за ўладыкам Панцеляіманам. Потым, на пэўны час тут зноў зяўляецца епіскап Інакенцій (Ястрабаў).Надышоў час глыбокага разладу, смуты і бяды.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.