Полацкія архіерэі у 19-м і на пачатку 20-га стагоддзя


Хутка высветлілася, што ўладыка Васілій адносна Спаса-Праабражэнскага манастыра прытрымліваецца поглядаў праасвяшчэннага Гаўрыіла. Такім чынам ідэя ўсталявання тут архіерэйскага дома ўжо не высоўвалася. Аднак, адраджэнне манастыра, якое меркаваў здзейсніць уладыка Васілій, патрабавала вялізных сродкаў. Напэўна, памятаючы прадказанне прападобнай Еўфрасінні, што адраджэнне заняпалай абіцелі адбудзецца праз яе крыж, архіепіскап Васілій узяў крыж Прападобнай, які захоўваўся ў Сафійскім саборы, і ў ліпені 1841 года у суправаджэнні архімандрыта Богаяўленскага манастыра Філарэта накіраваўся ў Маскву. Там ён змясціў крыж ва Ўспенскім саборы крамля і ўрачыста хрэсным ходам насіў крыж па шматлікіх храмах Масквы, пакідаючы крыж у кожным з іх для пакланення на аналоі. Нярэдка крыж у суправаджэнні святара бралі ў свае дамы пабожныя багатыя людзі. Правёўшы ў Маскве каля трох тыдняў, уладыка Васілій пераехаў з крыжом у Пецярбург. Змясціўшы крыж у Казанскім саборы, уладыка заставаўся ў горадзе больш месяца. УПецярбургу, як і ў Маскве, да крыжа ставіліся з найвялікшай пашанай. Яму пакланіліся мітрапаліт Санкт-Пецярбургскі Серафім і імператар Мікалай I. Была сабрана вялікая колькасць ахвяраванняў, што склалі суму 30 тыс. рублёу асігнацыямі. Бадай галоўным вынікам «паломніцтва» было выданне ў кастрычніку 1841 года Высокага ўказу аб заснаванні (чытай: адраджэнні) Полацкага жаночага манастыра «пры царкве Спаса». Праз паўгода ў дзень святкавання памяці Прападобнай 23 мая 1842 года (ст.ст.) у Спаса-Праабражэнскую царкву з Сафійскага сабора «для вечнага захоўвання перанесены крыж прападобнай Еўфрасінні». Перанясенне крыжа, што адбывалася па ініцыятыве ўладыкі Васілія, ператварылася ў вялікую ўрачыстасць, у якой удзельнічалі тысячы людзей. Выйшаўшы з Сафійскага сабора, дзе была адслужана Божая літургія, хрэсны ход з крыжом, які нёс сам праасвяшчэнны Васілій, па дарозе да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра заходзіў у Богаяўленскі манастыр, Свята-Пакроўскі храм і ў Свята-Нікалаеўскі кафедральны сабор. Скончыліся ўрачыстасці толькі а сёмай гадзіне вечара, калі ўладыка Васілій узяў крыж і аднёс яго ў келью прападобнай на хорах Спаса-Праабражэнскай царквы. У гэты дзень быў пакладзены пачатак пабожнай традыцыі, якая захавалася і да нашага часу, — правіць асаблівае святкаванне ў гонар прападобнай Еўфрасінні ў дзень яе памяці 5 чэрвеня (23 мая).

На ахвяраваныя ў Маскве і Пецярбургу сродкі да 1848 года былі адрамантаваныя альбо наноў узведзеныя будынкі для змяшчэння ўсіх манастырскіх службаў, дом для размяшчэння жаночай духоўнай вучэльні пры манастыры. У выніку, у параўнанні з былым занядбаннем, абіцель прападобнай Еўфрасінні набыла цалкам дабрапрыстойны выгляд.

Першая настаяцельніца манастыра ігумення Еўфрасіння (Дзегцярова) кіравала ім толькі на працягу 7 месяцаў, пасля чаго спачыла. Пасля яе, з благаславення уладыкі Васілія, настаяцельніцай манастыра стала Клаўдзія (Счэненоўская) (1842-1853), што паходзіла з манахіняў базыліянскага манастыра. Яна вылучалася адукаванасцю і добрым сэрцам, была добраю гаспадыняю. Пасля спачыну ігуменні Клаўдзіі настаяцельніцай прызначаецца Еўфрасіння (Сербіновіч) (1853-1878). Яна мела ўплыў у заможных пецярбургскіх колах і з поспехам выкарыстала гэта для манастыра.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.