Полацкія архіерэі у 19-м і на пачатку 20-га стагоддзя


У 60-х гадах па ініцыятыве праасвяшчэннага Васілія было ўзнятае перад Свяцеішым Сінодам пытанне аб пераносе мошчаў прападобнай Еўфрасінні з Кіева ў Полацк. Падобнае хадайніцтва ўздымалася і ў 30-я гады. Упершыню такую думку выказаў епіскап Гаўрыіл (Гарадкоў). Тады быў атрыманы станоўчы адказ мітрапаліта Маскоўскага свяціцеля Філарэта (Драздова) (1825-1867). У сваім лісце да мітрапаліта Пецярбургскага Ісідара (былога епіскапа Полацкага) ён напісаў: «… можна лічыць благаславенным тое, што мошчы прападобнай Еўфрасінні перанесеныя былі з Кіева ў Полацк, і што захоўваюцца ў абіцелі дзе яна падзвізалася». Аднак тады гэтае пытанне не было вырашана. Адмова прыйшла і на хадайніцтва 60-х гадоў. Было нават забаронена звяртацца з падобнымі просьбамі ў будучым. У 1870 годзе, калі ўжо Полацкую кафедру займаў пераемнік уладыкі Васілія, епіскап Сава (1866-1874), Кіеўскі мітрапаліт Арсеній ідзе насустрач просьбам палачанаў і аддзяляе ад мошчаў прападобнай адну часціцу — сярэдні палец правай рукі. Гэтая святыня з удзячнасцю Богу і з пашанай была перавезена ў Віцебск, у Полацк і змешчана ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры.

Яшчэ падчас епіскапства ўладыкі Ісідара уніяцкая духоўная семінарыя, што знаходзілася ў Полацку з 1806 года пры базыліянскім манастыры, была ператворана ў праваслаўную. Да 1839 года падрыхтоўка маладых святароў для Полацкай епархіі праводзілася ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. У Полацкай епархіі знаходзілася толькі ніжэйшая духоўная вучэльня. Першым рэктарам Полацкай духоўнай семінарыі пасля яе пераўтварэння прызначаны быў пераемнік архіепіскапа Васілія, архімандрыт Філарэт, вучань архіепіскапа Антонія (Зубко).

У 1851 годзе падчас рэвізавання семінарыі мітрапаліт Іосіф (Сямашка) знайшоў яе ў вельмі дрэнным стане. Будынкі, дзе размяшчаліся семінарысты, пагражалі абвалам. А рамонт, па падліках мітрапаліта Іосіфа, абыйшоўся б даражэй, чым узвядзенне новага будынка. I таму ён настойліва рэкамендаваў перавесці семінарыю ў Віцебск і размясціць яе ў будынку былога базыліянскага манастыра. Рэкамендацыя дроўгі час не выконвалася, пакуль у 1856 годзе ўсю маёмасць семінарыі запакавалі і накіравалі водным шляхам па рацэ Дзвіне ў Віцебск. Семінарыю там размясцілі ў будынках пры Ўспенскім саборы, які разам з базыліянскім манастыром быў перададзены праваслаўным яшчэ ў 1799 годзе. Доўгі час семінарыя, знаходзячыся ў Віцебску, працягвала іменавацца Полацкай. I толькі ў 1871 годзе яна стала звацца Віцебскай.

Падчас пераезду семінарыі ў Віцебск высветлілася, што яна валодае вялікай бібліятэкай з 10 тыс. тамоў, 3648 назваў. Большасць выданняў адносілася да XVIII стагоддзя, аднак шмат было кніг, выдадзеных у ХVI-ХVII стагоддзях. Бібліятэка засталася семінарыі (яшчэ уніяцкай) у спадчыну ад базыліянскага манастыра. Больш за палову кніг былі ахвяраваныя некім протаіерэем Міхаілам Кунінскім, які, мяркуючы паводле надпісаў, быў рэдкім бібліяфілам і валодаў многімі старажытнымі і сучаснымі мовамі.

У 1864 годзе ў епархіі была ўтворана жаночая вучэльня духоўнага ведамства, куды прымаліся выключна дочкі святароў ва ўзросце 9,5-12,5 гадоў. Курс навучання працягваўся 6 гадоў у трох класах, у кожным па два гады. Вучэльня мела назву Полацкая, хоць знаходзілася яна ў Віцебску. Дамавая царква ў вучэльні была асвячонай ў імя Сашэсця Святога Духа.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.