Полацкія архіерэі у 19-м і на пачатку 20-га стагоддзя


Апрача жаночай духоўнай вучэльні ў Віцебску дзейнічала таксама і духоўная вучэльня для юнакоў, заснаваная яшчэ ў 1810 годзе. Дамавая царква ў ёй была асвячонай у імя свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага.

Да 1885 года апрача духоўнай семінарыі і трох вучэльняў у епархіі дзейнічала 43 царкоўна-прыходскія школы, ў тым ліку дзве школы пры манастырах. Першая школа ў 1864 годзе была адчынена ў мястэчку Калынкі Віцебскага ўезда мясцовым святаром Паўлам Сівіцкім. Па традыцыі, заснаванай айцом Паўлам, усе царкоўна-прыходскія школы адчыняліся святарамі.

Архіепіскап Полацкі і Віцебскі Васілій ў сувязі з прызначэннем яго членам Свяцейшага Сінода ў 1866 годзе ад кіравання Полацкай епархіяй быў вызвалены. Спачыў ён 26 студзеня 1879 года глыбокім старцам, ва ўзросце за 90 гадоў. Пахаваны ў сяле Любашкава ў 18 вярстах ад Віцебска.

У чэрвені 1866 года на Полацкую кафедру быў прызначаны епіскап Сава (Ціхаміраў). Пры ім у 1867        годзе ў Полацку было ўтворана праваслаўнае брацтва ў імя свяціцеля Нікалая і прападобнай Еўфрасінні. Гэта было першае брацтва, што ўзнікла тут пасля аднаўлення Полацкай епархіі. Да 1874 года яно надічвала 168 чалавек. 3 1874 года пачало выходзіць перыядычнае выданне «Полоцкие епархиальные ведомости».

Праасвяшчэнны Сава выдаў зварот з просьбай аб дапамозе храмам яго епархіі, якія знаходзіліся ў бядотным стане. У гэтым дакуменце фактычна даецца адзнака стану храмаў і таму было б дарэчы прывесці фрагмент з яго: «Давераная мне Полацкая епархія … знаходзіцца ў скрайне бядотным становішчы. Цэрквы, асабліва сельскія, часцей за ўсё драўляныя; не многія з іх маюць выгляд, належны храму Божаму… Ёсць цэрквы, крытыя саломай і толькі ўсталяваны наверсе крыж адрознівае іх ад звычайнага чалавечага жытла. Многія з сельскіх цэркваў так састарэлі, што пагражаюць падзеннем, у асобных цэрквах з прычыны іх ветхага стану з даўніх часоў спынена богаслужэнне… У свяшчэнным і царкоўным начынні таксама адчуваецца скрайні недахоп. Ёсць храмы, дзе кроўная ахвяра прыносіцца ў малых, накшталт кубкаў, уніяцкіх чашах без усялякіх свяшчэнных на іх выяваў…» (Цыт.: Вестник Западной России. Кн.10, 1867 г., с.76). Усяго на той час у епархіі налічвалася каля 300 прыходаў.

Пры ўладыку Саву ў верасні 1872 года Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр наведаў обер-пракурор Сінода В.А.Талсты і з вялікай увагай паставіўся да думкі аб перанясенні мошчаў прападобнай Еўфрасінні на яе радзіму — у Полацк. Падтрымаў гэтае імкненне палачанаў і імператар, толькі з умовай, што будзе атрымана згода Кіеўскага мітрапаліта Арсенія (1860-1876). Але мітрапаліт Арсеній не пагадзіўся з просьбай уладыкі Савы і пераносу мошчаў зноў не адбылося. У адказ на гэта праасвяшчэнны Сава ў сваіх запісках з горыччу скардзіўся: «святая воля Благачасцівага Манарха застаецца невыкананай. Ці не дзіўна гэта, каб не сказаць больш».

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.