Полацкія архіерэі у 19-м і на пачатку 20-га стагоддзя


Свяціцелства ўладыкі Савы на Полацкай кафедры скончылася ў снежні 1874 года ў сувязі з яго перамяшчэннем на Харкаўскую кафедру. А з 18 студзеня 1875 года ў Віцебск ужо прыбыў новы архіе­рэй — епіскап Віктарын (Любімаў), які да гэтага займаў кафедру ў Чабаксарах. Галоўны кафедральны горад — Полацк уладыка Віктарын наведаў 23 мая 1875 года і ў прысутнасці вялікага мноства паломнікаў адправіў Божую літургію і водаасвячэнні на рацэ Палаце. Пры гэтым святары неслі каўчэжак з часціцай мошчаў прападобнай Еўфрасінні да рэчкі і назад. Епіскап Віктарын благаслаўляў народ крыжам прападобнай Еўфрасінні.

У Полацку на той час апрача манастырскіх існавала толькі тры храмы: Сафійскі сабор, Свята-Пакроўскі і Іаана-Багаслоўская царква. У Віцебску налічвалася 13 храмаў, у тым ліку дамавых цэркваў.

У сакавіку 1887 года на Полацкую кафедру быў пастаўлены епіскап Маркел (Попель), а ўладыка Віктарын пераведзены для кіравання Падольскай епархіяй.

Пры ўладыку Маркелу тройчы праводзіліся рамонтныя работы Спаса-Праабражэнскага храма і быў абноўлены жывапіс. Да храма былі прыбудаваныя прытвор і рызніца. У манастыры збудаваная новая каменная званніца. Агульная колькасць манастыроў да 1887 года ў епархіі складала 9, з іх сем мужчынскіх і два жаночыя:
—Маркаў Свята-Троіцкі ў Віцебску;
—Полацкі Богаяўленскі;
— Полацкі Барыса-Глебскі (заштатны) у 1879 годзе разам з усёй маёмасцю прыпісаны дла Спаса-Еўфрасіннеўскага;
—Спаса-Еўфрасіннеўскі у Полацку;
—Махіраўскі Свята-Пакроўскі, што у 20 вярстах ад Полацка;
—Невельскі Спаса-Праабражэнскі (заштатны);
—Вярбілаўскі Свята-Пакроўскі (заштатны), у Себежскім уездзе;
—Тадулінскі Свята-Успенскі, у Суражскім уездзе;
—Свята-Духаў у Віцебску.

У 1888 годзе Тадулінскі Свята-Успенскі манастыр быў ператвораны з мужчынскага ў жаночы. Пасля чаго туды пераехала частка насельніцаў Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Пазней у жніўні 1890 года пры манастыры была ўтворана Тадулінская жаночая духоўная вучэльня. Пры ўладыку Маркеле ў Віцебску у 1887 годзе было ўтворана праваслаўнае брацтва з назваю «епархіяльнае Віцебскае брацтва ў імя роўнаапостальнага князя Ўладзіміра». На чале брацтва стаяў рэктар Віцебскай духоўнай семінарыі прот. Іаан Пічэта.

Такім чынам, гэта было другое брацтва у Полацкай епархіі, у той час як у Літоўскай епархіі іх налічвалася сем, а ў Мінскай — 22. Апрача брацтва, ў Віцебску, пры Свята-Ільінскай царкве існавала братчына ў імя свяціцеля Нікалая.

У 1889 годзе на Полацкую кафедру прызначаецца епіскап Антанін (Дзяржавін), а ўладыка Маркел перамяшчаецца на новае месца свяціцельскага служэння. Спачыў праасвяшчэнны Маркел у 1903 годзе ў Пецярбургу.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.