Полацкія архіерэі у 19-м і на пачатку 20-га стагоддзя


У хуткім часе пасля прызначэння епіскапа Антаніна быў сабраны частковы статыстычны матэрыял. Ён сведчыў, што межы епархіі ў 1890 годзе распаўсюджваліся на тэрыторыю адзінаццаці ўездаў Віцебскай губерніі: Віцебскага, Веліжскага, Гарадокскага, Дзінабургскага, Дрысенскага, Лепельскага, Люцынскага, Невельскага, Полацкага, Рэжыцкага і Себежскага. Праваслаўнае насельніцтва ў гэтых уездах налічвала 662649 душ. У царкоўна-адміністратыўных адносінах епархія падзялялася на 25 благачынных акругаў, што аб'ядноўвалі 305 царкоўных прыходаў. Прычым колькасць прыходаў з насельніцтвам да 700 душ складала — 37; ад 700 да 2000 — 192; больш за 2000 — 76.

У 1892 годзе было сабрана некалькі тысячаў подпісаў пад прашэннем да праасвяшчэннага Антаніна, каб той распачаў новае хадайніцтва аб пераносе мошчаў прападобнай Еўфрасінні. У гэтым прашэнні, між іншым, зазначалася: «па невымоўных лёсах промыслу Божага палачаны пазбаўлены суцяшэння бачыць у сябе нятленныя мошчы нябеснай апякункі свайго горада і ўсёй краіны беларускай». У пасланні выказвалася надзея, што нябесная апякунка Беларускай зямлі, прападобная Еўфрасіння, князёўна Полацкая, якая, адпраўляючыся ў Іерусалім, казала палачанам: «не пакіну вас», зноў вернецца ў сваю абіцель…» Уладыка Антанін гэтае прашэнне прыняў і накіраваў са сваім хадайніцтвам у Свяцейшы Сінод. Аднак 24 снежня 1893 года на гэтае хадайніцтва быў атрыманы адмоўны адказ.

На той час праасвяшчэннага Антаніна ў Полацкай епархіі ўжо не было. У верасні 1893 года яго перамясцілі на Пскоўскую кафедру. У тым самым месяцы 1893 года на Полацкую кафедру быў прызначаны епіскап Аляксандр (Заккіс). Да гэтага свайго прызначэння ўладыка Аляксандр быў вікарным Валынскай епархіі з тытулам «Астрожскі». Потым, у 1890 годзе, быў епіскапам Архангельскім і Халмагорскім. Перад пастаўленнем у полацк кіраваў Сіманаўскім манастыром у Маскве. Першую службу ў Полацкай епархіі праасвяшчэнны Аляксандр адправіў 1 кастрычніка 1893 года ў Віцебскім Свята-Нікалаеўскім кафедральным саборы. Родам уладыка быў з Ліфляндзіі і дасканала валодаў латышскай мовай. У Полацкай епархіі з 1,5 млн. усяго насельніцтва 232 тысячы складалі латышы, з якіх толькі 50 тысяч былі праваслаўнымі. Таму епіскап Аляксандр пачаў уводзіць у асобных цэрквах епархіі латышскую мову. Так, літургію па-латышску адпраўляў святар Рэжыцкага сабора Іаан Жыглевіч. Сам праасвяшчэнны Аляксандр служыў па-латышску ў Свята-Васкрасенскай царкве Віцебска. Па загаду епіскапа Аляксандра была заснавана пасада епархіяльнага латышскага місіянера.

Пры епіскапе Аляксандры вялося будаўніцтва новага Свята-Крыжа-Уздзвіжанскага манастыра. Першы камень у яго падмурак заклаў 23 мая 1893 года папярэднік уладыкі Аляксандра — епіскап Антанін. Сабор быў узведзены за тры гады, але асвячэнне яго давялося адкладаць, бо не гатовы быў іканастас. Сабор выглядаў велічна з пяццю главамі, ён быў разлічаны на 1.500 чалавек. Чын асвячэння новазбудаванага манастырскага храма адпраўляў праасвяшчэнны Аляксандр у суслужэнні двух архімандрытаў і звыш 50 святароў. Гэта быў ужо трэці храм Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, уключаючы Спаса-Праабражэнскую царкву і цёплую Свята-Еўфрасіннеўскую трапезную царкву, збудаваную ў 1847 годзе.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.