Апошнія дзесяцігоддзі

У выніку пераўладкавання дзяржаўных межаў, пасля заканчэння першай сусветнай вайны частка тэрыторыі епархіі апынулася ў межах Латвіі, а частка адышла да Расійскай Федэрацыі.

Прычына, названая ў артыкуле ўладыкам Панцеляіманам, сталася пагібельнай. Бязвер'е і разбэшчанасць у саюзе з богазмагарскай і антыправаслаўнай уладаю за непрацяглы час прывялі старажытную Полацкую зямлю, яе храмы, манастыры і святыні да жудаснага апаганення і паругання, а народ яе — да цяжкіх спакусаў і выпрабаванняў, гора і ахвяраў. Тысячы людзей дзеля Царквы Хрыстовай прымуць мучаніцкую смерць.

У 1921 годзе разам з іншымі каштоўнасцямі была адабрана сярэбраная рака прападобнай Еўфрасінні. Разрабаванымі былі ўсе храмы епархіі. Тады ж быў узяты і святы крыж прападобнай Еўфрасінні, слядоў якога няма і дагэтуль. Настаяцельніцу манастыра ігуменню Елену і скарбніцу Ларысу (Ксюніну) арыштавалі ў 1921 годзе, калі яны адмовіліся аддаваць манастырскія і царкоўныя каштоўнасці.

У маі 1922 года ў прысутнасці дзвюхтысячнага натоўпу ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры былі кашчунна ўскрыты і апаганены мошчы прападобнай Еўфрасінні. Пасля гэтага яны былі адпраўлены на атэістычную выставу ў Маскву, потым да 1943 года знаходзіліся ў Віцебскім краязнаўчым музеі.

Спаса-Еўфрасіннеўская абіцель пратрымалася да 1928 года. Калі яе зачынялі, колькасць насельніцаў перавышала дзвесце. Асірацелыя сёстры зачыненага манастыра туліліся па свірнах, лазнях, хаваліся ў лесе. Часам ім удавалася прыйсці да адзінага ў наваколлі дзеючага храма — манастырскай Спаса-Праабражэнскай царквы. 3 1925 года тут, як і ў большасці яшчэ ацалелых храмаў епархіі, служылі абнаўленцы. У манашаскіх келіях размясцілі інтэрнат АКРАНА. Перад пачаткам вайны ў епархіі не засталося ніводнага дзеючага храма.

У 1942 годзе, калі на Беларусі была адноўлена царкоўная іерархія на чале з мітрапалітам Мінскім і ўсяе Беларусі Панцеляіманам (Ражноўскім), адрадзілася і Полацка-Віцебская кафедра. На яе быў прызначаны епіскап Афанасій (Мартас) з тытулам «Віцебскі і Полацкі». Аднак акт гэты з прычыны ваенных абставінаў меў фармальны характар, бо епіскап Афанасій не меў магчымасці знаходзіцца побач з сваёй паствай. Пазней уладыка Афанасій, узведзены ў сан архіепіскапа, апынецца ў эміграцыі ў Аргенціне і выдасць там вельмі цікавую кнігу аб царкоўнай гісторыі Беларусі.

Тым не менш падчас акупацыі ў межах Полацкай епархіі назіраўся пэўны ўздым царкоўнага жыцця. Па жаданні царкоўнага народа там, дзе гэта было магчыма, адчыняліся храмы, адбываліся богаслужэнні. Такім чынам, былі адноўленыя богаслужэнні ў Полацкім Сафійскім саборы, якія працягваліся да сярэдзіны 1944 года. Сабраліся ў сваю абіцель і насельніцы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Усё гэта, нягледзячы на тое, што ўсю левую палову манастыра, у тым ліку Крыжа-Уздзвіжанскі сабор, немцы абнеслі калючым дротам, за якім таміліся ў няволі ваеннапалонныя.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.