Апошнія дзесяцігоддзі


На зноў утвораную Полацкую епіскапскую кафедру 22 ліпеня 1989 года ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы быў рукапакладзены ў епіскапа ігумен Троіца-Сергіевай Лаўры Дзімітрый (Драздоў) з тытулам «Полацкі і Віцебскі». Межы Полацкай епархіі былі вызначаныя ў адміністратыўных межах Віцебскай вобласці. У 1990 годзе з Жыровіцкага манастыра ў Спаса-Еўфрасіннеўскую абіцель прыехалі першыя яе насельніцы. Дадаткова да 42-х прыходаў, што налічваліся ў 1988 годзе, у 1989 годзе было адчынена яшчэ сем. Полацкай епархіі была перададзена Полацкая Свята-Богаяўленская царква, корпус старажытнага Свята-Троіцкага манастыра ў Віцебску, за кароткі час была адноўлена Віцебская Свята-Пакроўская царква. Асабліва адметныя змены адбыліся ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. Меней чым за два гады ўзнялася з заняпаду абіцель. Напярэдадні святкавання 1000-годдзя Полацкай епархіі ў 1992 годзе аднавіліся богаслужэнні ў адбудаваным клопатамі епіскапа Дзімітрыя і насельніцаў манастыра Свята-Крыжа-Уздзвіжанскім саборы.

Асноўныя ўрачыстасці з нагоды 1000-годдзя адбыліся 25-27 верасня 1992 года ў Мінску, Заслаўлі і Полацку. У суботу перад Уздзвіжаннем 26 верасня ў другой палове дня ў Полацк прыбылі шматлікія госці з усяго свету. Сярод іх былі прадстаўнікі шасці Памесных Праваслаўных Цэркваў, паломнікі з беларускіх праваслаўных прыходаў у ЗША, Велікабрытаніі, Канадзе, праваслаўныя людзі і духавенства з Польшчы, Германіі, Фінляндыі. Увечары таго самага дня ў Свята-Крыжа-Уздзвіжанскім саборы было адпраўлена усяночнае трыванне з ліціёй. У нядзельны святочны дзень Уздзвіжання Слаўнага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга 27 верасня 1992 года ў Сафійскім саборы было праведзена першае за пасляваенны час богаслужэнне. Божую Літургію правіў прадстаўнік Канстанцінопальскага Патрыярха мітрапаліт Жэнеўскі і Швейцарскі Дамаскін у суслужэнні 17 архіерэеў і 10 клірыкаў. Сярод іх знаходзіўся і протаіерэй Антоній Дзевялтоўскі, які служыў у Сафійскім саборы падчас вайны. Пасля заканчэння літургіі адбыўся хрэсны ход ад Сафійскага сабора да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Са святочным, малітоўным настроем па горадзе прайшлі дзесяткі тысячаў людзей. На чале хрэснага ходу ішлі архіерэі, благаслаўляючы выйшаўшых насустрач палачанаў, перадаючы ім іконкі. На саборнай манастырскай плошчы быў адпраўлены малебен, пасля гэтага з Спаскага храма былі вынесеныя святыя мошчы прападобнай Еўфрасінні і хрэсным ходам абнесеныя вакол Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы і Свята-Крыжа-Уздзвіжанскага сабора. Тысячы і тысячы паломнікаў мелі магчымасць у гэты памятны дзень з благагавеннем прыкласціся да святых мошчаў прападобнай Еўфрасінні і пакланіцца ім.

Усё тое, што адбывалася 27 верасня 1992 года ў Полацку, зрабіла на многіх людзей незабыўнае ўражанне і сталася крыніцай духоўнай радасці. Паводле словаў прадстаўніка Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і усяе Русі Аляксія II архіепіскапа Тамбоўскага і Мічурынскага Яўгенія, ураджэнца Навагрудка: «У гэтыя дні на Беларусі неба злучылася з зямлёй. Такое адчуванне ахапіла падчас вялікага хрэснага ходу па старажытным Полацку. Гэта было сведчаннем, што зямля Беларуская пачынае сваё адраджэнне, свядома беручы на сябе Крыж Гасподні з надзеяй на Яго дапамогу».

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.