Мінская епархія

"У адносінах да Царквы Бог творыць такія цуды, што і ўявіць нельга… "

прот. Іаан Мейендорф (+1992)

Гісторыя Праваслаўнай царквы на Беларусі, якая бярэ свой пачатак ад заснавання Полацкай епіскапскай кафедры ў 992 годзе, налічвае ўжо больш за тысячу гадоў. Мінская епархія ў 1993 годзе святкавала сваё двухсотгоддзе. Для нас могуць здавацца тыя дзвесце гадоў існавання Мінскай епархіі надзвычай малым тэрмінам. Але гэта толькі на першы погляд. Бо ў гісторыі Царквы Хрыстовай часавыя вымярэнні нібы адыходзяць на другі план, каб уважліваму, малітоўнаму позірку адкрылася чарада ўвасабленняў Промыслу Божага аб добраўладкаванні Святой Царквы і аб выратаванні яе верных чадаў.

Святы апостал і евангеліст Матфей данёс да нас словы Збавіцеля: "Збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе" (Мф. 16, 18). У строга багаслоўскім сэнсе гэтыя словы могуць адносіцца да Адзінай, Святой, Саборнай і Апостальскай Царквы, да яе нябеснага ўладкавання. Царква ж у зямным яе існаванні, паводле словаў аднаго старажытнага аўтара: "часам узносіцца да неба, часам апускаецца ў бездань, часам Хрыстоваю кіруецца сілаю, часам хістаецца са страхам, часам захлынаецца хвалямі жарсцяў, часам выплывае на вёслах вызнання…" Вопыт гістарычнага існавання Праваслаўнай Царквы і яе малой памеснай часткі — Мінскай епархіі — з'яўляецца красамоўным сведчаннем трапнасці вышэйпрыведзеных словаў багамудрага аўтара.

Заснаванне Мінскай епіскапскай кафедры адбывалася ва ўмовах надзвычайных гістарычных падзеяў, якія ў адначассе змянялі палітычную карту Еўропы. Гэтыя падзеі канца XVIII стагоддзя зрабілі пэўны ўплыў і на духоўны лёс асобных еўрапейскіх народаў, у прыватнасці нашага народа, які насяляў беларускія землі.

У хуткім часе пасля II падзелу ў 1792 годзе Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй, на тэрыторыях, што адыйшлі да Расійскай дзяржавы, адбылося іх адміністрацыйнае пераўладкаванне і ўтварыліся тры губерні: Мінская, Ізяслаўская і Брацлаўская. А 13 красавіка 1793 года выйшаў Найвышэйшы ўказ Расійскай імператрыцы Екацярыны II (1762-1796) аб заснаванні на тэрыторыі трох названых губерняў асобнай праваслаўнай Мінскай епархіі са статусам архіепіскапіі і тытулам у правячага архіерэя "архіепіскап Мінскі, Ізяслаўскі і Брацлаўскі". У далейшым межы епархіі, яе склад і тытулы архіпастыраў неаднаразова мяняліся, аб чым будзе паведамляцца ў дадзеным гістарычным доследзе. Цяпер уяўляецца своечасовым хаця б коратка высвятліць правідэнцыяльнае значэнне заснавання Мінскай епіскапскай кафедры. На думку нашых царкоўных гісторыкаў і багасловаў яно можа вызначацца трыма момантамі. Па-першае, значная частка тэрыторыі сучаснай Беларусі атрымала царкоўнае ўладкаванне, якое адпавядала кананічным установам Святой Праваслаўнай Царквы, бо дагэтуль у межах Беларусі існавала толькі адна епіскапская кафедра ў Магілёве. Пасля заснавання Мінскай епіскап-скай кафедры стварыліся ўмовы для належнага архіпастырскага духоўнага акармлення значнай часткі веруючых у межах Мінскай зямлі. Трэба дарэчы заўважыць, што нягледзячы на вялікую прывязанасць царкоўнага кіравання ў асобе Свяцейшага Сінода да дзяржаўнага апарата тагачаснай Расіі, аб'ектыўна, па прыродзе сваёй мэта Царквы працягвала заставацца, паводле словаў сучаснага багаслова "духоўнай, трансцэндэнтнай". Царква, як і раней, пад нябачным верхавенствам свайго Божага Заснавальніка адкрывала людзям праўдзівае богапазнанне і давала дабрадатныя сілы і сродкі для духоўнай дас­каналасці і пераўтварэння, для дасягнення канчатковай мэты жыцця кожнага ўдзельніка Царквы — яднання з Богам у вечным жыцці. Па-другое, новазаснаваная Мінская епархія павінна была ўвасабляць Святое Праваслаўе ў землях, якія доўгі час знаходзіліся пад юрысдыкцыяй уніяцкага свяшчэннаначалля. Продкі міранаў, што жылі тут, хітра і насуперак іх волі былі адлучаны ў канцы XVI стагоддзя ад Усяленскага Праваслаўя і апынуліся пад амафорам Папы Рымскага, атрымаўшы вядомасць пад назвай "уніяты", бо прыняўшы каталіцкую дагматыку, яны спрабавалі захаваць праваслаўны богаслужбовы чын і абрадавасць. I, па-трэцяе, што асабліва важна для нас, Мінская епархія з'явілася гістарычнай і духоўнай пераемніцай Пінска-Тураўскай епархіі, якая мела пачатак ад старажытнай Тураўскай епіскапскай кафедры.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.