Храмы і манастыры на тэрыторыі будучай Мінскай епархіі

Захаваліся сведчанні пра высокі ўзровень адукаванасці і асветы ў Тураўскай зямлі. Сюды, напрыклад, можна аднесці рукапіснае Евангелле XI стагоддзя, вядомае пад назвай "Тураўскае", а таксама багаслоўскую спадчыну свяціцеля Кірыла, епіскапа Тураўскага, больш за 60 твораў якога дайшлі да нашага часу. Шырокае распаўсюджанне ў межах будучай Мінскай епархіі мела чытанне, перапіска святых кніг, складанне летапісаў і жыццяпісаў.

Архіпастырскае акармленне ажыццяўлялася праз Тураўскую епіскапскую кафедру. Яна была заснаваная ў 1005 годзе і з’яўляецца другой па старажытнасці сярод праваслаўных епіскапіяў на Беларусі. Таксама як і Полацкія, Тураўскія епіскапы пастаўляліся на сваю кафедру Кіеўскімі мітрапалітамі. Апошнія ж знаходзіліся ў духоўным паслушэнстве і кананічным падпарадкаванні ў Канстанцінопальскіх Патрыярхаў. Архімандрыт Мікалай называе нам імёны дзевяці епіскапаў, якія займалі Тураўскую кафедру на працягу ХІ-ХХ стагоддзяў. Гэта Сімяон, Ігнацій, Іаакім, Георгій, Кірыл I, Іаан, Іаакім, св. Кірыл II, св. Лаўрэнцій. Двое з Тураўскіх свяціцеляў — епіскап Кірыл II і яго пераемнік епіскап Лаўрэнцій — атрымалі царкоўнае праслаўленне і былі прылічаны Святой Праваслаўнай Царквою да ліку святых угоднікаў Божых.

Кафедрай Тураўскіх епіскапаў і месцам іх знаходжання быў Свята-Барыса-Глебскі манастыр у Тураве.

У 1241 годзе ўвыніку спусташальнага набегу татараў Тураў, у якім налічвалася каля 50-ці цэркваў і манастыроў, быў дашчэнту спалены. Епіскапскую кафедру вымушаны былі перанесці ў Пінск, што размяшчаўся непадалёку. Епіскап з таго часу пачаў іменавацца Тураўскім і Пінскім. Месцазнаходжаннем яго стаў старажытны Свята-Ражджаства-Багародзічны (Ляшчынскі) манастыр. Вядома таксама, што пад час сабору епіскапаў у Наваградку ў 1415 годзе з нагоды абрання асобнага Кіеўскага (Літоўска-Наваградскага) мітрапаліта Пінскі епіскап Яўфімій (Акушка) ужываў адносна сябе тытул "епіскап Пінскі і Тураўскі". Можна меркаваць, што гэта было сведчаннем абвяшчэння Пінскай епіскапіі пераемніцай старажытнай Тураўскай епархіі.

Горад Пінск па старажытнасці сваёй не саступаў Тураву. Прападобны Нестар-летапісец згадвае яго пад 1097 годам. Найстаражытнейшай царквой у Пінску была Свята-Фёдараўская, збудаваная ў гонар нябеснага апекуна Пінска св. вялікамучаніка Фёдара Цірана (памяць 17 лютага/1 сакавіка і ў суботу першага тыдня Вялікага посту).

Усяго ў Пінску да сярэдзіны XVI стагоддзя налічвалася 16 праваслаўных храмаў і адзін касцёл. Насельніцтва горада складала ледзь больш за пяць тысяч чалавек.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.