Храмы і манастыры на тэрыторыі будучай Мінскай епархіі


Крыжовай царквою Пінскіх архіерэяў была Свята-Успенская ў Ляшчынскім манастыры. Манастыр знаходзіўся ў прадмесці Пінска пад назвай Лешч. Заснаванне манастыра, паводле манастырскага падання, датавалася пачаткам XI стагоддзя, хаця ў гістарычных дакументах ён упершыню згадваецца пад 1263 годам. У манастыры падзвізаўся манах Мітрафан-летапісец. Аднак, усе яго запісы не дайшлі да нас, бо былі знішчаны разам з іншымі дакументамі манастыра ў выніку татарскіх набегаў пачатку XVI стагоддзя.

Непадалёку ад Пінска ў мястэчку Купяцічы ў 1182 годзе была цудоўным чынам яўлена цудатворная ікона Прасвятое Багародзіцы, якая атрымала назву "Купяціцкая" (святкаванне 15/28 лістапада). У 1630 годзе на месцы яўлення Купяціцкай іконы Божае Маці быў заснаваны Свята-Увядзенскі мужчынскі манастыр. Купяціцкая ікона Божае Маці, якая цяпер знаходзіцца ў Кіеўскім Сафійскім саборы, з'яўляецца самай старажытнай сярод цудатворных іконаў, яўленых на беларускай зямлі. Толькі мясцовашанаваная ікона Божае Маці ў мястэчку Койданава (сучасн. Дзяржынск Мінскай вобл., а яшчэ раней — Крутагор'е) мела надпіс, які верагодна сведчыў пра час яе яўлення – "1146 г.". На жаль, гэтая ікона да нас не дайшла, і невядома, дзе яна знаходзіцца.

Апрача вышэйзгаданых цудатворных іконаў Божае Маці, якія мелі надзвычай старажытнае паходжанне, у межах будучай Мінскай епархіі, па міласці Божае, для суцяшэння веруючага народа былі яўленыя: Мінская ікона Божае Маці (1500 год); Крупецкая (урочышча Крупцы каля Мінска, 1612 год); Нова-Свержанская (каля 1500 года); Літвянская, Ракаўская, Навадворская, Валькоўская ў Пінскім павеце; Каменская, Осаўская, Забельская ў Барысаўскім павеце; Казіміраўская, Гарбацэвіцкая, Пархімовіцкая ў Бабруйскім павеце; Конкавіцкая, Васькоўская ў Мазырскім павеце; Беласорацкая цудатворная ікона свяціцеля Мікалая ў Рэчыцкім павеце; Ляданская цудатворная ікона Божае Маці, Дудзіцкая, Мар'інагорская, Смілавіцкая Казанская ікона Божае Маці; Старыцкая цудатворная ікона Божае Маці, да якой неаднаразова прыязджаў пакланіцца свяціцель Дзімітрый Растоўскі, Гавезнянская, Клецкая, Падлеская ў Слуцкім павеце; Вальнянская цудатворная ікона Божае Маці ў Наваградскім павеце. У некаторых прыходскіх храмах знаходзіліся мясцовашанаваныя іконы Божае Маці. Такія іконы былі ў Свята-Ражджаства-Багародзіцкай царкве с. Дуброва, у Свята-Пакроўскай царкве м. Саламарэчча і ў прыпісной да яе Свята-Петра-Паўлаўскай царкве с. Буцэвічы Мінскага павета. У Свята-Мікалаеўскай царкве с. Станькава знаходзіўся цудатворны абраз свяціцеля Мікалая. Мясцовашанаваныя цудатворныя іконы знаходзіліся таксама ў храмах вёсак Вяляцічы і Камень Барысаўскага павета і некаторых іншых храмах.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.