Храмы і манастыры на тэрыторыі будучай Мінскай епархіі


Яшчэ ад пачатку распаўсюджвання хрысціянства на беларускіх землях паўсюль сталі ўзнікаць манастыры, падобна свяцільнікам хрысціянскае веры. Яны былі духоўнымі цэнтрамі, адкуль струменілася святло хрысціянскіх дабрадзействаў і асветы. Манастыры ўзнікалі звычайна ў кожным горадзе, засноўваліся яны і ў цяжкадаступных месцах. Заснавальнікі манастыроў, кім бы яны ні былі, — прадстаўнікамі слынных ці менш вядомых родаў, знакамітымі вяльможамі, альбо дробнымі землеўладальнікамі — імкнуліся аздобіць манастыры неабходнай маёмасцю і ўгоддзямі для забеспячэння іх далейшага існавання. Вялікія князі Літоўскія паводле хадайніцтваў манастыроў даравалі ім адпаведныя прывілеі. На манастыры рабіліся добраахвотныя ахвяраванні. У такіх адносна спрыяльных умовах, за выключэннем шматлікіх войнаў, пажараў і міжусобных боек, развівалася манастырскае жыццё да канца XVI стагоддзя ў межах будучай Мінскай епархіі.

Паводле сведчання летапіснага падання, першы манастыр ў Мінскіх землях быў заснаваны ў часы святога роўнаапостальнага Вялікага князя Уладзіміра яго жонкай Рагнедай, у манашастве Анастасіяй, у старажытным Ізяслаўлі (сучасн. Заслаўе). Сам горад, які закладзены быў у 985 годзе, атрымаў сваю назву ад імя роднага сына св. Уладзіміра Ізяслава. Маці Ізяслава Рагнеда-Анастасія, родная дачка Полацкага князя Рагвалода, незадоўга да сваёй смерці ў 1000 годзе, заснавала ў Ізяслаўлі жаночы манастыр і, прыняўшы манашаскі пострыг, пасялілася ў ім. Рагнеда-Анастасія з'яўляецца першай жанчынай-манахіняй ва ўсходне-славянскіх землях, якая згадваецца ў гістарычных крыніцах. Эпохаю св. роўнаапостальнага Уладзіміра датуюць мясцовыя паданні ўзнікненне манастыроў таксама ў Мінску: Спаса-Праабражэнскага, Ляшчынскага, Свята-Успенскага, Мазырскіх: жаночага Свята-Параскевінскага і мужчынскага Свята-Петра-Паўлаўскага, Слуцкага Свята-Троіцкага. I хоць паданні гэтыя не маюць дакументальнага пацверджання, сведчанні аб старажытным паходжанні названых манастыроў не выклікаюць у даследчыкаў асаблівых сумненняў. Так, пад 1263 годам упершыню згадваецца ў дакументах адзін са старажытных манастыроў будучай Мінскай епархіі Свята-Ражджаства-Багародзіцкі (Ляшчынскі) манастыр каля Пінска. У гэты манастыр, уцякаючы ад пагражаючай яму небяспекі, прыйшоў з Лаўрышаўскага манастыра Войшалк, у манашастве Раман, — сын Вялікага князя Літоўскага Міндоўга (сярэдзіна 1230-х гадоў — 1263). У 1340 годзе князь Пінскі Георгій, унук Вялікага князя Літоўскага Гедыміна (1316-1341) аддаў манастыру востраў паміж рэчкамі Пінай, Струменем і Арэчыцай. У XVI стагоддзі дабрачынцамі манастыра былі князі Пінскія Фёдар Іванавіч, Георгій Яраславіч, Андрэй і Багдан Вяляціцкія. Заснавальнікамі Пінскага Свята-Варварынскага манастыра былі старажытныя Пінскія князі. Вядома, што ў 1521 годзе манастыр быў наноў адбудаваны Пінскім князем Фёдарам Яраславічам. 3 XVI стагоддзя вядома пра існаванне ў Лагойску Свята-Петра-Паўлаўскага (Уваскрасенскага) мужчынскага манастыра. Ён быў заснаваны пры замкавай Свята-Богаяўленскай царкве. Паведамляецца пра існаванне ў XI стагоддзі ў Тураве Свята-Барыса-Глебскага манастыра, дзе падзвізаўся ў XII стагоддзі прападобны Марцін, Тураўскі затворнік, і дзе знаходзіліся Тураўскія епіскапы. У Тураве існаваў калісьці і жаночы Свята-Варварынскі манастыр. Апошні, як і іншыя Тураўскія манастыры: Свята-Барыса-Глебскі і Свята-Мікалаеўскі, дзе падзвізаўся пасля вызвалення ад епіскапскіх абавязкаў свяціцель Кірыл, былі разрабаваныя татарамі, і падзялілі, такім чынам, лёс горада. Існаваў манастыр і ў горадзе Барысаве, на тым месцы, дзе пазней была збудавана прымогілкавая царква ў імя св. Андрэя юродзівага. Асвячоны быў манастыр ў гонар Уваскрэсення Хрыстовага.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.