Храмы і манастыры на тэрыторыі будучай Мінскай епархіі


Каля 1225 года прападобным архімандрытам Елісеем быў заснаваны Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр недалёка ад Наваградка. Прападобны Елісей быў першым настаяцелем гэтага манастыра. Пасля спачыну святыя мошчы прападобнага адкрыта знаходзіліся ў манастыры і цудоўным чынам не дапусцілі ўваходу татараў у манастыр. Адбылося гэта ў XV стагоддзі. Пазней мошчы былі пахаваныя ў зямлю і пасля пажару, які здарыўся ў манастыры, бясследна зніклі. У самім Наваградку пры мураванай Свята-Барыса-Глебскай царкве існаваў аднаіменны мужчынскі манастыр. У манастыры знаходзілася кафедра Кіеўскіх (Літоўска-Наваградскіх) мітрапалітаў, тут жа знаходзіўся і мітраполічы дом. Дакладных сведчанняў пра заснаванне манастыра, на жаль, няма, аднак, аб старажытнасці яго сведчыць тое, што асобныя Кіеўскія (Літоўска-Наваградскія) мітрапаліты пачалі пастаўляцца з 1416 года. У ліку ахвярадаўцаў манастырскай Свята-Барыса-Глебскай царквы быў князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі, які з 1517 года адпісаў храму маёнтак Быкевічы ў Цырынскім павеце.

У глыбокай старажытнасці быў заснаваны Свята-Троіцкі манастыр у Слуцку, хаця першае згадванне пра яго датуецца 1205 годам. Сталымі дабрачынцамі гэтага манастыра былі прадстаўнікі рода Слуцкіх князёў Алелькавічаў, а пазней князі Радзівілы. У 1571 годзе настаяцелем манастыра быў прызначаны архімандрыт Міхаіл Рагоза — будучы мітрапаліт Кіеўскі, які браў удзел у падпісанні ў 1596 годзе акта Брэсцкай царкоўнай уніі. Пазней манастыру наканавана было стаць апірышчам Святога Праваслаўя ў беларускіх землях, аб чым будзе паведамляцца далей. Іншы Слуцкі манастыр, Свята-Іліінскі, да 1611 года быў мужчынскім, а пасля гэтага ператвораны ў жаночы. Гэты манастыр таксама існаваў на ахвяраванні Слуцкіх князёў Алелькавічаў.

Да Свята-Троіцкага Слуцкага манастыра быў прыпісаны Грозаўскі Свята-Мікалаеўскі мужчынскі манастыр каля мястэчка Грозаў. Час заснавання гэтага манастыра невядомы.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.